Як адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў Оршы

У Аршаншчыны багатыя кнігадрукарскія традыцыі. Знакаміты магілёўскі друкар Спірыдон Собаль у друкарні Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра ў 1631 годзе выдаў адзін з першых у гісторыі Беларусі падручнікаў – “Букварь”. А пачатак кнігадрукаванню на Беларусі ў 1517 годзе паклаў асветнік Францыск Скарына. Сёлета ў нашай краіне адзначаюць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. З гэтай нагоды ў Оршы запланаваны шэраг мерапрыемстваў.
На працягу года ў бібліятэках Аршанскай ЦБС пройдуць кніжныя выставы “Кнігадрукаванне на Беларусі: ад мінулага да сучаснага”, “Гісторыя беларускага кнігадрукавання”, “Кніжная культура Беларусі”, “Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар”.
Асноўныя мерапрыемствы да 500-годдзя першай беларускай друкаванай кнігі пройдуць у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства ў бібліятэках раёна ў верасні. Цэнтральная бібліятэка імя А. С. Пушкіна запросіць на дзень беларускага аўтара “Ад Скарыны да нашых дзён” з удзелам пісьменнікаў Аршаншчыны. Жыхары раёна правераць сябе падчас віктарын, гісторыка-бібліяграфічных урокаў. А папоўніць скарбонку ведаў школьнікі і дарослыя змогуць на гістарычных і літаратурных гадзінах, свяце кнігі.
Увесь скарынаўскі год мерапрыемствы, прысвечаныя іншым святочным датам, будуць пераклікацца з тэмай беларускага кнігадрукавання. Каб не прапусціць самыя цікавыя сустрэчы, сачыце за афішай на старонках “Аршанкі” і на сайце orshanka.by.

Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий