Першымі тысячнікамі на Аршаншчыне сталі хлебаробы філіяла «СГЦ «Задняпроўскі» Сяргей Грэкаў і Алег Сушкевіч

Сёлетняе жніво для камбайнера сельскагаспадарчага філіяла “СГЦ “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі КХП” Сяргея Грэкава ўжо 29-е па ліку, для яго памочніка Алега Сушкевіча – пакуль што другое. Сплаў вопыту і маладосці стаў залогам поспеху на жніве. У мінулую пятніцу экіпаж камбайнераў першы ў Аршанскім раёне перасягнуў тысячны рубеж па намалоце зерня.

З гэтай нагоды да лідараў жніва ў суботнюю раніцу на хлебнае поле прыехалі высокія госці, каб выказаць удзячнасць за працу. Па традыцыі, для іх зрабілі сапраўднае свята.





Словы віншаванняў гучалі ад старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Шарстнёва, старшыні Аршанскага райвыканкама Аляксандра Пазняка, генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты” Віктара Славецкага, старшыні райкама прафсаю­за работнікаў АПК Алега Макарэвіча.
Як зазначыў падчас цырымоніі ўшанавання хлебаробаў Мікалай Шарстнёў, Аршанская зямля лічыцца лепшай на Віцебшчыне. Віншаванне тысячнікаў з перамогай кіраўнік вобласці назваў асаблівым, паколькі з году ў год лепшымі на жніве былі адны і тыя ж экіпажы камбайнераў. Хлебаробы Сяргей Грэкаў і Алег Сушкевіч з філіяла “СГЦ “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі КХП” у сёлетнім сезоне змянілі традыцыю. На хлебнай ніве сярод лідараў яны сталі дэбютантамі.
Мікалай Шарстнёў павіншаваў хлебаробаў з поспехам, а Сяргею Грэкаву, які шчыруе на хлебнай ніве амаль тры дзясяткі гадоў, уручыў ключы ад новага высокаэфектыўнага камбайна “Lexion-770”.


Вытворчасць такой тэхнікі складае больш за 500 тон збожжа ў дзень, за сезон – 15-17 тысяч тон зерня. Такі камбайн першы ў Аршанскім раёне. Ён на гусенічным хаду, што змяншае ціск на глебу, мае жняярку 12 метраў, з’яўляецца высокапрахадным пры складаных умовах надвор’я. А вось Алег Сушкевіч застанецца працаваць на КЗС-1218, толькі цяпер у якасці старшага камбайнера.
Віноўнікі ўрачыстасці прымалі таксама віншаванні ад старшыні Аршанскага райвыканкама Аляксандра Пазняка, які ўручыў хлебаробам падзякі і пажадаў абавязкова намалаціць па дзве тысячы тон зерня. Права замацаваць сімвалічную тысячную зорку на камбайне пераможцаў хлебнай нівы было прадстаўлена генеральнаму дырэктару ДА “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты” Віктару Славецкаму і генеральнаму дырэктару ААТ “Аршанскі КХП” Фізулі Гасанаву.


Сяргей Грэкаў – хлебароб з вялікім стажам. На камбінаце хлебапрадуктаў ён працуе вадзіцелем пагрузчыка, а ў “гарачы” жніўны сезон садзіцца за штурвал камбайна. Уборачная кампанія для яго адначасова пачэсная і адказная справа. Лічыць за гонар паўдзельнічаць у жніве і Алег Сушкевіч. На Аршанскім КХП ён працуе вадзіцелем генеральнага дырэктара, але вось ужо другі год запар яго прыцягвае рамантыка хлебных палёў. Ёсць упэўненасць, што камбайнеры з філіяла «СГЦ «Задняпроўскі» ААТ “Аршанскі КХП” не падвядуць, тым больш, што цяпер у іх ёсць добры стымул.

Падрабязней чытайце ў «АГ» №92 ад 15.08.2017 г.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *