Жыццё мастака: да юбілею Мікалая Таранды

З дзяцінства Мікалай Таранда цягнуўся да фарбаў і чыстага ліста паперы. І якім бы цярністым ні быў шлях хлопца з вялізнай сям’і – Мікалай быў трынаццатым з чатырнаццаці дзяцей, мара займацца тым, да чаго ляжыць душа, ніколі не пакідала яго.
У складаны пасляваенны час 15 жніўня 1947 года ў вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і Івана і Фядоры Тарандаў нарадзіўся сын Мікалай. Цікаўлюся ў Мікалая Іванавіча, ці быў надзелены талентам мастака нехта са сваякоў. “Больш ніхто не маляваў, – распавядае мой герой. – Затое дзед Максім сябраваў са знакамітым хормайстрам Генадзем Цітовічам і сам выдатна граў на скрыпцы. Перад смерцю ён завяшчаў мне любімы інструмент. На жаль, прыехаць і забраць дарагую сэрцу скрыпку не ўдалося…”
Браты і сёстры будучага мастака вылучаліся працавітасцю і самастойнасцю. “Старэйшы брат пайшоў на свой хлеб пасля дзесяцігодкі, а я пакінуў бацькоўскую хату і таго раней – амаль у 14 гадоў”, – успамінае мастак. Зранку ў Баранавіцкім будаўнічым вучылішчы хлопец вучыўся майстэрству сталяра-цесляра, у другой палове дня спяшаўся на заняткі ў вячэрнюю школу. Пасведчанне аб сярэдняй адукацыі, ведаў падлетак, у будучым дазволіць наблізіцца да мары стаць мастаком. У той час вучыцца ў “вячэрцы” маглі толькі выдатнікі, а ў вучылішчы Мікалай Іванавіч атрымліваў найвышэйшыя балы і скончыў установу з адзнакай. Здавалася б, адкуль браць сілы і час яшчэ і на працу за мальбертам у студыі пры Палацы піянераў і заробкі? Але жыццёвыя абставіны навучылі паспяваць усё.
Пасля вучылішча маладога спецыяліста накіравалі ў Віцебск. Трапіць у горад, які беражліва захоўвае багатыя традыцыі славутай мастацкай школы, – ці ж гэта не абсалютнае шчасце для таленавітага юнака? “Маляваць я пачаў класе ў 4-5. Да таго крануў шышкінскі “Лес”, што я скапіраваў работу”, – успамінае мастацкі дэбют Мікалай Іванавіч. У Віцебску час, вольны ад працы на будаўнічай пляцоўцы, праводзіў за заняткамі ў студыі пры Палацы культуры будаўнічага трэста №9, бібліятэках і выставачных залах.
Праз год хлопец яшчэ на крок наблізіўся да мары – стаў студэнтам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута. Нагадала пра сябе і прафесія будаўніка: Мікалай Іванавіч займаўся скульптурай – а ў выніку абараніў дыплом па жывапісе. І ў студэнцкія гады лірыку давялося сумяшчаць з прозай жыцця. Падчас вучобы Мікалай Таранда ажаніўся са студэнткай хіміка-біялагічнага факультэта Тамарай, калі скончыў інстытут, падрасталі дачка і сынок. Тры гады на летніх канікулах малады чалавек мяняў працу ў мастацкай майстэрні на паездкі на цаліну.
У наш край Мікалай Іванавіч трапіў па размеркаванні – кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва Палаца культуры завода «Чырвоны Кастрычнік» у Барані, затым стаў начальнікам бюро прамысловай эстэтыкі. Намаганнямі Мікалая Таранды з’явіўся лепшы ў акрузе заводскі музей. Мастак прапанаваў праект мемарыяла – і Барань атрымала помнік жыхарам горада, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1973 годзе гараджане пазнаёміліся з жывапісам і графікай Мікалая Іванавіча на яго першай персанальнай выставе ў заводскім Палацы культуры. Выстава была першая па-за межамі роднага інстытута, дзе Мікалай Таранда двойчы выстаўляўся яшчэ студэнтам.
У майстэрні пры заводзе дасягаў новых творчых вышынь сам мастак, тут жа праводзіў заняткі для маладых талентаў. Удумайцеся: 64 яго вучні паступілі ў мастацкія вышэйшыя навучальныя ўстановы! У 1989 годзе Мікалай Таранда стаў сябрам Саюза мастакоў СССР. Ніколі не пераставаў вучыцца і сам майстар, натхненне знаходзіў у творчых паездках – і праз дзесяцігоддзі мастак працягвае расці ў творчасці. Намаганнямі Мікалая Іванавіча ў Оршы з’явіўся мастацкі брэнд – міжнародная выстава “Калегіум” у галерэі В. Грамыкі, праходзяць іншыя шматлікія міжнародныя праекты.
Некалькі гадоў таму Мікалай Таранда змяніў гарадскую мітусню на вясковы прастор, паэзію якога апявае ў работах. У майстэрні Мікалая Іванавіча некалькі соцен палотнаў – тое, што народжана за апошні час. Працы аршанскага мастака ёсць у фондах музеяў Беларусі і замежжа, у прыватных калекцыях. І майстар працягвае пісаць, натхнёны роднымі краявідамі. А яшчэ музыкай – уражанні ад класічных мелодый яркай насычанай палітрай выліваюцца на палотны. “Я не музыкальны сам, але слухаю, напрыклад, Вівальдзі ці Бетховена, душу нешта кранае – і колер плыве сам, – расказвае Мікалай Іванавіч і дзеліцца планамі: – Задумана вялікая серыя работ, звязаная з асобай Уладзіміра Караткевіча. А восенню запрашаю на маю персанальную выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі”.
На гэтай вяршыні юбіляр не збіраецца спыняцца, а мы жадаем Мікалаю Іванавічу выдатнага здароўя і плёну ў творчасці ды іншых пачынаннях!

Марына СЯМАШКА.
Фота з архіва М. Таранды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *