У Аршанскім раёне ідзе касавіца

У Аршанскім раёне пачалася касавіца. Аднымі з першых да работ прыступілі на ААТ «Задняпроўскі» Аршанскага КХП. Ужо на мінулым тыдні механізатары прэсавалі сена і выконвалі іншыя работы па нарыхтоўцы кармоў для буйной рагатай жывёлы.
Усяго ў гаспадарцы неабходна нарыхтаваць 950 тон сена, 20 тысяч тон сенажу, 22 тысячы тон сіласу. Зараз на палях ААТ «Задняпроўскі» працуе 11 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. Літаральна ўчора зялёную масу пачалі закладваць у сянажныя ямы. На ўтрамбоўцы задзейнічана дзве адзінкі тэхнікі. Як адзначыў намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ «Задняпроўскі» Васіль Гароднікаў, да канца працоўнага дня плануецца нарыхтаваць каля 800 тон сянажнай масы. На 4 чэрвеня ў гаспадарцы было нарыхтавана 300 тон сянажнай масы ў плёнцы і каля 100 тон сена.
– Захаванне тэхналагічных працэсаў – асноўная ўмова якасці рыхтуемых кармоў. Працаваць трэба арганізавана, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую хвіліну. Своечасова праведзены першы ўкос траў дазволіць спадзявацца на добрыя другія ўкосы, – адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы Аршанскага райвыканкама Андрэй Рыжыкаў.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий