У аршанскім падполлі. У першыя дні

«Сацыялістычная Айчына ў небяспецы» – гэты кліч партыі і ўрада, з якім яны звярнуліся 22 чэрвеня 1941 года да савецкага народа, знайшоў гарачы водгук у сэрцах аршанцаў. Тысячы камуністаў і камсамольцаў, працаўнікоў заводаў і фабрык Оршы, калгаснікаў у першы дзень вайны прыбылі на прызыўныя пункты, каб узяць у рукі зброю і выступіць на аборону маці-Радзімы. Іх месца ля станкоў, у цэхах, на калгасных палетках занялі жанчыны, старыя, падлеткі.

А неўзабаве на вуліцах горада, па яго ўскраінах, ля прамысловых аб’ектаў пайшлі ўзброеныя людзі з чырвонымі павязкамі на рукавах. Гэта былі знішчальныя групы, якія ствараліся з тых, хто пакуль заставаўся немабілізаваным. Байцы-знішчальнікі вялі барацьбу з фашысцкімі парашутыстамі, дыверсантамі, шпіёнамі. У горадзе былі створаны два знішчальныя батальёны, якія неслі патрульную службу, ахоўвалі аб’екты, выраблялі для рэгулярных часцей бутылі з запальнай вадкасцю для барацьбы з варожымі танкамі.
На подступах да Оршы дзень і ноч на ўзвядзенні супрацьтанкавых рвоў і іншых абарончых збудаванняў працавалі каля 20 тысяч чалавек. Працавалі без спачыну па 14-16 гадзін у суткі з адным жаданнем – спыніць лютага ворага, зламаць яму хрыбціну, знішчыць.

Асабліва напружана працавалі чыгуначнікі вузла. Калектыў паравознага дэпо адразу ж перайшоў на казарменнае становішча. За двое сутак былі пастаўлены ў строй дзеючых усе наяўныя лакаматывы. Нават у час бамбёжак паравознікі не адыходзілі ад станкоў, акрамя тых, хто займаў сваё баявое месца па барацьбе з запальнымі бомбамі, пажарамі.
Працуючы ў прыфрантавой зоне, машыністы-аршанцы паказвалі сапраўдную мужнасць. Так, камуніст Сідар Півавараў узяў са Смаленска паліўны састаў і вёў яго да лініі фронту, дзе паліва чакалі савецкія самалёты, танкі. І вось з-за воблакаў выкаўзнуўся, бы коршун, фашысцкі самалёт. Выбух, і ў сярэдзіне састава загарэлася адна з цыстэрнаў. Машыніст не разгубіўся, а пачаў выратоўваць каштоўны груз. Вось адчэплены ад б’ючай жарам цыстэрны пярэднія, затым заднія цыстэрны. Тлее вопратка, полымя балюча апякае твар і рукі. Але воля да перамогі бярэ сваё. Сідар Півавараў выратоўвае і дастаўляе да месца прызначэння паўтары тысячы тон нафтапрадуктаў.

Камсамолец Васіль Радзюк вёў састаў з тэхнікай і нашымі байцамі. Непадалёку ад станцыі Слаўнае сустрэўся з варожымі сцярвятнікамі. Нямецкі пілот пашкодзіў лакаматыў, быў паранены і Васіль Радзюк. Але камсамолец не пакінуў свайго баявога паста. Ён моцна трымаў рэверс, пакуль поезд ні быў пастаўлен пад разгрузку. Толькі потым дазволіў санітарам узяць сябе і накіраваць у шпіталь.

Мікалаю Рыгоравічу Джонсу было даручана адвесці на ўсход састаў паравозаў і некалькі вагонаў з боепрыпасамі. Ля станцыі Веліна яго пачалі накрываць некалькі фашысцкіх самалётаў. Але Мікалай Рыгоравіч працягваў ісці наперад. Вакол узнімаліся слупы ўзрываў, звінелі асколкі, а машыніст не здаваўся. Так ён выратаваў трынаццаць лакаматываў.

(Працяг будзе.)
Падрыхтавала В. Мільто.

(«Ленінскі прызыў», № 141 (10.119),
7 кастрычніка 1966 года)