Закаханы ў неба: сто гадоў таму нарадзіўся Анатоль Салянікаў

Яшчэ пры жыцці імя аршанца Анатоля Данілавіча Салянікава ўвайшло ў гісторыю – у новым мікрараёне з’явілася вуліца Салянікава. Надзвычай рэдкі выпадак, і на тое было шмат падстаў.

У розных крыніцах можно сустрэць розныя дадзеныя, колькі баявых вылетаў на легендарным штурмавіку Іл-2 зрабіў аршанец. На сайце pamyat-naroda.ru знаходзім копію архіўнага дакумента.

pamyat-naroda.ru

З яго вядома, што старшы лейтэнант камандзір эскадрыллі А. Д. Салянікаў выканаў 86 баявых вылетаў на штурмоўку пярэдняга краю праціўніка, яго адыходзячых войск, аэрадромаў, а таксама на разведку ў тыл да 100 км і вольнае “паляванне”. За гэта ў красавіку 1944-га быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Але Вялікая Айчынная працягвалася, і самалёты ўздымаліся ў неба. Сам лётчык казаў, што за час вайны здзейсніў 115 вылетаў, але знаходзім інфармацыю, што іх было 128.
Калі 19 жніўня 1944 г. выйшаў Указ аб прысваенні высокага звання, Салянікаў ужо быў капітанам і вызваляў Пскоўшчыну і Латвію. Атрымаць жа ордэн Леніна і “Залатую Зорку” ў 1944-м не паспеў… Але аб усім па парадку.

З дзяцінства закаханы ў неба

Малая радзіма авіятара – вёска Чурылава на Аршаншчыне. 19 ліпеня 1919 года ў сям’і Данілы Маісеевіча і Анфісы Фёдараўны з’явіўся на свет Анатоль. Хутка бацькі з хлопчыкам перабраліся ў Оршу. З горадам на Дняпры звязана ўсё жыццё Анатоля Салянікава.
Яшчэ ў школе хлопчыка прыцягвала неба. Ён займаўся авіямадэльным спортам. Пазней захапленне небам прывяло на планернае аддзяленне Аршанскага аэраклуба.
У 1937 годзе Анатоль Салянікаў скончыў дзевяць класаў СШ № 6 і стаў курсантам лётнага аддзялення аэраклуба. Шлях у вялікую авіяцыю пачыналі на занятках у самым цэнтры Оршы. Аэраклуб размяшчаўся ў перабудаваным былым Васкрасенскім саборы (зараз там знаходзяцца аддзел загса і архіў).
У інтэрв’ю аршанскаму краязнаўцу і аўтару дакументальных фільмаў Эдуарду Навагонскаму Анатоль Данілавіч успамінаў, што самалёты стаялі на вул. Леніна. Зараз на месцы аэрадрома – аўтапрадпрыемства № 8 і завулкі Бялінскага. Але там курсантам не дазвалялі вучыцца лётаць. Будучыя авіятары трэніраваліся на пляцоўцы каля вёскі Якаўлевічы пад Оршай. Зімой вучылі тэорыю, а летам разбівалі пад Якаўлевічамі лагер і асвойвалі тэхніку. Спачатку – на трэнажорах, потым – у самалёце з інструктарам. “Падымаешся ў паветра – незабыўнае пачуццё: усё бачна, так прыгожа! Калі выканаеш усе практыкаванні з лётнай кніжкі, можна адпраўляцца ў самастойны палёт”. Уражанні ад першага вылету ў Анатоля Данілавіча не згаслі да апошніх дзён, хоць у жыцці яму давялося вельмі часта ўздымацца ў паветра. Але ў першы раз над ім было мірнае неба…

“Камсамолец, на самалёт!”

Такі прызыў прагрымеў на ўсю краіну ў 30-х гадах. Яго падхапілі многія рамантычна настроеныя юнакі. Шмат курсантаў падрыхтаваў Аршанскі аэраклуб. І сярод выхаванцаў былі тры будучыя Героі Савецкага Саюза.
Анатоль Данілавіч скончыў аэраклуб, і ваенкамат адправіў хлопца ў Энгельскую ваенна-авіяцыйную школу пілотаў. У чэрвені 41-га ў небе над краінай Саветаў раздаўся гул нямецкіх самалётаў. Курсанты Энгельскай школы ўпарта вучыліся, удасканальвалі лётнае майстэрства. У хуткім часе Анатоля Салянікава разам з іншымі будучымі лётчыкамі адправілі ў Пензенскую вобласць. У рэзервовым авіяпалку вучыліся лётаць на новай мадэлі самалёта – штурмавіку Іл-2.
У маі 1942-га старшы сяржант Салянікаў прыбыў у 810-ы штурмавы авіяцыйны полк 15-й паветранай арміі 225-й штурмавой дывізіі. Дарэчы, у 810-м палку наш зямляк быў адзіным беларусам – за гэта аднапалчане празвалі яго сынам беларускага народа.
Да верасня 1943 г. знаходзіўся на Бранскім фронце, дзе і прыняў баявое хрышчэнне. Неаднаразова наносіў бомбавыя і штурмавыя ўдары па аб’ектах праціўніка. Пры гэтым лятаць штурмавікі маглі на вышыні не больш за тысячу метраў, калі скідвалі бомбы, спускаліся да вышыні брыючага палёту…
Усё больш вылетаў рабіў Анатоль Данілавіч – і паступова атрымліваў новыя пасады і званні. За выдатнае выкананне баявых заданняў аршанец двойчы ўзнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Аляксандра Неўскага.
Лётчык успамінаў, як на яго Іл-2 падвешвалі два балоны з фосфарам. Самалёт суправаджалі два знішчальнікі. Трэба было выліць фосфар на варожую тэхніку на зямлі. “Я разумеў, што можна і не вярнуцца. Чаму? Каб выліць фосфар, трэба знізіцца да вышыні 100 метраў, інакш не было б эфекту… Прыляцелі на аэрадром, і на самалёце тэхнікі налічылі 168 прабоін – не ад снарадаў, ад куль, калі стралялі з зямлі”, – успамінаў жудасныя хвіліны ветэран. Прызнаецца, што было страшна: “Не верце, калі кажуць, што не баяліся”.

“Няхай дрыжаць фашысты”

У верасні 1943 г. полк перабазіравалі на 2-гі Прыбалтыйскі фронт. Полк адказваў за вялікую тэрыторыю: Пскоўскую і Наўгародскую вобласці, Латвію і Літву.
У чэрвені 1944-га прыйшла добрая вестка: Чырвоная Армія вызваліла Оршу ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аршанскі краязнавец Віктар Лютынскі прыводзіць цытату з ліста Анатоля Салянікава бацькам: “Я вельмі рад і ганаруся тым, што мне прыйшлося прымаць удзел у вызваленні роднай Беларусі, што вы засталіся жывымі. Няхай дрыжаць фашысты. Я яшчэ адкрыю асабісты рахунак за спалены наш дом, за зруйнаваны наш горад”.
Баявая лётная кар’ера скончылася раптоўна. У кастрычніку 1944 года Анатоль Данілавіч адправіўся ў чарговы вылет. Каля горада Мадона ў Латвіі яго самалёт збілі, авіятар трапіў у нямецкі палон, апынуўся ў лагеры ваеннапалонных у горадзе Гамарштайн ва Усходняй Прусіі. Пазнаў голад і пабоі, цяжкую працу на падземных выпрацоўках у Сілезіі. Праз паўгода змог збегчы адтуль і перайсці лінію фронту. На Радзіме былога ваеннапалоннага чакалі доўгія праверкі. Але ўсё скончылася добра, Салянікаву вярнулі дакументы і ўзнагароды.
Перамогу аршанец сустрэў на палявым аэрадроме ў раёне горада Аўцэ (Латвія). У 1946 годзе па стане здароўя быў дэмабілізаваны. Нарэшце Анатоль Данілавіч вярнуўся ў родную Оршу. Трэба было будаваць мірнае жыццё. Наш зямляк працаваў на розных пасадах у сістэме сельгасзабеспячэння і сельгастэхнікі. З жонкай Нінай Іванаўнай выгадаваў дачок Святлану, Раісу і Тамару.
8 верасня 2010 г. перастала біцца сэрца Анатоля Данілавіча.
Але памяць аб Героі Савецкага Саюза жыве сярод аршанцаў. У новым мікрараёне да 70-годдзя Вялікай Перамогі з’явілася алея лётчыкаў. Там зышліся тры вуліцы, якія носяць імёны лётчыкаў-герояў: Анатоля Салянікава, Уладзіміра Завадскага і Аляксея Гараніна. Упрыгожвае алею стэла з копіяй савецкага самалёта У-2.

Легендарны штурмавік

Убачыць мініяцюрны Іл-2 можна і ў Оршы. Копію баявой машыны Анатолю Данілавічу ў 1985 г. уручылі воіны-авіятары вайсковай часці 32901. Пазней ветэран перадаў падарунак аршанскім работнікам музея.
Калі хочаце паглядзець на сапраўдны баявы Іл-2, адпраўляйцеся да Кургана Славы пад Мінскам. Да 75-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 50-годдзя мемарыялу Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўстановіць на пляцоўцы з тэхнікай штурмавік ІЛ-2.

Зараз адкрыты дабрачынны рахунак. Як яго папоўніць і падтрымаць добрае пачынанне прафсаюзаў?
Атрымальнік: Унітарнае прадпрыемства па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і абслугоўванні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Дом прафсаюзаў” 220019, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 21 УНП 100116931
Дабрачынны рахунак: BY20POIS31320000002800933008 Банк: РКЦ №1 ОАО «Паритетбанк», г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 19 БІК POISBY2X
Назначэнне плацяжу: на пастаўку металічнай копіі самалёта Іл-2 з выкарыстаннем арыгінальных частак, мантаж, устаноўку і падрыхтоўку пляцоўкі пад яе ўстаноўку.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.