История «Катюш». Как строили мемориал «За нашу Советскую Родину» в Орше

На высокім беразе Дняпра ў Оршы застыла знакамітая «Кацюша». Мемарыял «За нашу Савецкую Радзіму» адкрылі ў 1966 годзе.

Адкрыццё мемарыяла ў 1966 годзе. Фота У. Марцынкевіча (архіў газеты «Ленінскі прызыў»).

Гэта не адзіны помнік на Аршаншчыне, які нагадвае пра подзвіг ракетчыкаў батарэі пад камандаваннем капітана Івана Флёрава. Першы залп па чыгуначным вузле батарэя дала ў 15.15 14 ліпеня 1941 года ля вёскі Пішчалава пад Оршай.

Уздрыгвала зямля, плавілася жалеза

Першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны. Нямецка-фашысцкія захопнікі рухаліся наперад. Але савецкія войскі наносілі моцныя ўдары па гітлераўцах. Ваенныя спецыялісты працавалі над новай зброяй – рэактыўнымі ўстаноўкамі. Выпрабаваць грозную зброю даверылі эксперыментальнай батарэі пад камандаваннем капітана Івана Флёрава. 14 ліпеня 1941 года яна нанесла моцныя ўдары па нямецкіх войсках на станцыі Орша і па пераправе цераз Аршыцу.

Выпрабаванні навялі жах на фашыстаў. Немцы рапартавалі начальству, што ў савецкіх войскаў з’явілася невядомая зброя. Гітлер загадаў захапіць і знішчыць савецкія ракетныя ўстаноўкі. «Кацюшы» рухаліся ў бок Масквы, залпы гучалі на Смаленшчыне.

Батарэя капітана Флёрава трапіла ў акружэнне і прайшла па тыле ворага больш за 200 кіламетраў. Апошні бой артылерысты прынялі 7 кастрычніка 1941 года каля вёскі Багатыр на Смаленшчыне. Загінула большая частка асабовага саставу батарэі, разам з імі аддаў жыццё за будучую Перамогу Іван Флёраў. Немцам «Кацюша» не дасталася – савецкія воіны падарвалі сакрэтную зброю.

Як нарадзіўся мемарыял над Дняпром?

Звернемся да старых падшывак «Аршанскай газеты». У 1996 годзе былы галоўны архітэктар горада Георгій Кірылавіч Гаранскі расказваў нашаму карэспандэнту пра «Кацюшу»: «Па архітэктурнаму праекту гэты помнік насіў іншую назву – «Мемарыяльны комплекс «За нашу Савецкую Радзіму», які ў народзе затым назвалі проста «Кацюшы». Так устаноўку называлі і самі артылерысты. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны з’явілася песня «Кацюша», якая стала народнай».

У 1966 годзе ўлады горада вырашылі ўзвесці мемарыял, падрыхтоўчую работу даручылі галоўнаму архітэктару. «Пасля даволі працяглых пошукаў у горадзе выбралі месца на высокім левым беразе Дняпра, літаральна ў некалькіх метрах ад пачатку вуліцы Магілёўскай, – успамінаў Георгій Гаранскі. – З такой прапановай згадзіліся кіраўнікі горада, група спецыялістаў «Мінскпраекта», у тым ліку архітэктары Юрый Градаў, Леанід Левін, скульптар Валянцін Занковіч, інжынер Валерый Левін».

Галоўны архітэктар і сталічныя спецыялісты прапанавалі эскізы будучага помніка. Спыніліся на адным з варыянтаў, яго адобрыла і ўпраўленне артылерыі пры Міністэрстве абароны СССР. «Пачаліся работы па ўзвядзенню помніка, – расказваў Георгій Кірылавіч. – Першымі на будаўнічую пляцоўку прыйшлі спецыялісты БУ-41 з будтрэста № 18, які ўзначальваў Заслужаны будаўнік рэспублікі Раман Куляеў. Непасрэдна работамі кіраваў спачатку прараб Пётр Бабычоў, а потым Мікалай Шаколаў. Дапамагалі і калектывы буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў – заводаў жалезабетонных вырабаў, «Легмаш», «Чырвоны барацьбіт», ільнокамбіната і іншых».

Гэта была народная новабудоўля. Сотні аршанцаў працавалі на суботніках, арганізацыі і прадпрыемствы пералічвалі грошы на ўзвядзенне помніка.

Георгій Гаранскі падзяліўся цікавай дэталлю: «Першыя ўстаноўкі «Кацюш» былі зманціраваны на айчынных грузавых аўтамабілях. Адну з іх будаўнікі атрымалі з вайсковай часткі з-пад Барысава. На гэтай машыне і ўстаноўлена сапраўдная «Кацюша», якая была дастаўлена ў Оршу з Ленінградскага ваенна-гістарычнага музея. Што датычыцца імітацый астатніх «Кацюш», то яны выраблены з жалеза і бетону ўмельцамі прамысловых прадпрыемстваў горада».

Калі адкрывалі мемарыял, ля баявой машыны паставілі калонкі. Яны разрывалі паветра жудасным ровам – і гэта нагадала аршанцам пра страшэнную вайну. Жыхары горада папрасілі зняць гукавое суправаджэнне.

Праз 25 гадоў з першага залпа

…на беразе Дняпра сабралася мора людзей. Ветэраны вайны і працы помняць, як гарэла зямля і якой крывёй далася Перамога. Не ўсе змаглі прыйсці на адкрыццё мемарыяла ракетчыкам – шмат жыццяў забрала вайна.

На адкрыццё «Кацюш» у Оршу з усіх куткоў Савецкага Саюза прыехалі артылерысты эксперыментальнай батарэі, якім пашчасціла выжыць. Ракетчыкі сустрэліся ў Маскве і ад сцен Крамля пайшлі легендарным маршрутам 1941 года, калі ўпершыню выпрабавалі новую грозную зброю. На мяжы Смаленскай і Віцебскай абласцей гасцей сустракалі хлебам-соллю. Ветэраны пабывалі ў раёне Пішчалава. А пазней удзельнічалі ва ўрачыстым мітынгу.

Маршал Савецкага Саюза Герой Савецкага Саюза А. Яроменка на адкрыцці мемарыяла

Маршал Савецкага Саюза А. І. Яроменка ўспамінаў, як яму загадалі выпрабаваць новую зброю, якую называлі «эрэсай»: «Даў каманду капітану І. А. Флёраву нанесці ўдар з новай зброі. Вынік перасягнуў усе надзеі. Як далажылі мне, на месцы ўзрыву ракет-снарадаў суцэльнае мора агню. Адгэтуль і пачала свой баявы шлях грозная рэактыўная зброя».

 

Кацюша – у гонар «Кацюшы»

У Івана Флёрава ёсць унучка Марына Смірнова. Сваю дачку Кацярыну – Кацюшу – яна назвала ў гонар знакамітых установак і подзвігу дзеда. Юрый, сын Івана Флёрава, – бацька Марыны. Доўгі час родныя не ведалі пра баявы пуць Івана Андрэевіча. Дакументы былі засакрэчаны.

Іван Флёраў, жонка Валянціна і сын Юрый. 1940 год.

У 1963 годзе Івана Флёрава пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны першай ступені.

У 1995 годзе камандзіру батарэі пасмяротна прысвоілі званне Героя Расійскай Федэрацыі. Яго сын не дажыў да гэтай падзеі два гады.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара, з архіва «АГ» і музея гісторыі і культуры г. Оршы.

Рэдакцыя выказвае падзяку музею гісторыі і культуры горада Оршы за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

 

Хутка экспазіцыю ваеннай тэхнікі ля Кургана Славы пад Мінскам папоўніць баявая машына «Кацюша». Такі падарунак да 75-годдзя Вялікай Перамогі вырашыла зрабіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.