З Каталіцкім Ражаством!

Дарагія парафіяне і жыхары горада Оршы!

Напэўна, няма чалавека, які б не ведаў, што такое страх, неспакой, перажыванні за будучыню. Усё гэта вядома кожнаму чалавеку. Але Бог Айцец пасылае ў наш свет Свайго Сына, між іншым для таго, каб мы не былі сіротамі, каб не адчувалі сябе пакінутымі. Біблейская гісторыя паказвае, што не ўсе скарысталіся з гэтай працянутай рукі Бога Айца. Для адных Езус Хрыстус стаў надзеяй і ратункам, а для іншых наадварот – прычынай страхаў і неспакояў. Гэта перш за ўсё рэлігійная эліта тагачаснага Ізраіля на чале з царом Ірадам устрывожылася, а з імі і “ўвесь Ерусалім” (Мацьвея 2,3).

Шаноўныя жыхары Оршы! У гэтым менавіта і ёсць добрая вестка (евангелле) для нас. Бог прыходзіць не ў ідэальную і казачную сітуацыю, а ў канкрэтную чалавечую гісторыю, у нашыя сем’і, дамы, у нашыя страхі і беды, у наш адчай і безнадзею. Невыпадкова Біблія называе Яго словам Эммануіл, што азначае “з намі Бог”.

Жадаю ўсім вам дасведчыць сілы Яго прысутнасці ў сваім жыцці. Жадаю, каб кожны з вас мог Яму даверыцца і толькі на Яго спадзявацца. У Ім сапраўды наша надзея! Са святам!

Ад імя каталікоў Оршы Айцец Вадзім Мізер МІС, настаяцель касцёла святога Юзафа.

Фота Сяргея Сляпцова.


РАСКЛАД СВЯТОЧНАЙ ЛІТУРГІІ:

Касцёл святога Юзафа (вул. Савецкая, 6)
Пятніца (24.12) – ПАСТЭРКА а 22.00;
Субота (25.12) – святочная літургія а 10.00;
12.00 – тэатральная пастанова “Батлейка” ў выкананні дзяцей і моладзі.

Касцёл Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі (вул. Магілёўская)
Пятніца (24.12) – ПАСТЭРКА а 20.00;
Субота (25.12) – святочная літургія а 10.00.