ЗОРКА ПАЭТА НАД ОРШАЙ УЗЫШЛА

Прамяністая зорка Максіма Багдановіча незгасальна ззяе на небасхіле беларускай літаратуры побач са слыннымі сынамі Беларусі – песнярамі Янкам Купалам і Якубам Коласам. Наш зямляк Янка Сіпакоў калісьці сказаў: “Ён навучыў, здаецца, гаварыць па-беларуску нават кіпарысы”. Паэт пражыў толькі 25 гадоў, большая частка кароткага жыццёвага шляху прайшла ўдалечыні ад Радзімы. І тым не менш, яго спадчына – каштоўны брыльянт, кожная грань якога раскрывае непаўторны талент Багдановіча.

У Аршанскім музеі У. Караткевіча працуе выстава “Мая душа, як ястраб дзікі, што рвецца ў неба на прастор”. Прысвечана экспазіцыя 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Будучы паэт з’явіўся на свет 9 снежня 1891 года ў Мінску. Яго бацькі, Адам Ягоравіч Багдановіч і Марыя Апанасаўна Мякота, былі інтэлігентнымі, адукаванымі людзьмі. Адам Ягоравіч цікавіўся этнаграфіяй, фальклорам і мовазнаўствам, Марыя Апанасаўна настаўнічала. На жаль, маці паэта заў­часна памёрла ад сухотаў. Бацька ажаніўся з Аляксандрай Волжынай, роднай сястрой жонкі М. Горкага, але яна памёрла пры родах. Прайшло некалькі гадоў, і бацька прывёў у хату новую гаспадыню – родную сястру маці Максіма – Аляксандру Апанасаўну Мякоту.

На адкрыцці выставы ў музеі У. Караткевіча сабраліся прыхільнікі творчасці беларускага класіка. Гродзенскі музей Максіма Багдановіча прадставіла дырэктар установы культуры Святлана Мікалаеўна Рапецкая. Яна прапанавала паглядзець кінафільм “Дух Максіма Багдановіча”, зняты студэнтамі-журналістамі Гродзенскага дзяржуніверсітэта. На прэзентацыі выставы выступілі аршанскія паэты: Яўгенія Казлова, Канстанцін Нілаў, Марыя Дзмітранок, гучалі песні на словы Багдановіча ў выкананні У. Радаўні, вучні чыталі на памяць вершы беларускага класіка. Супрацоўніца музея Вольга Пашковіч зазначыла, што для У. Караткевіча Багдановіч быў прыкладам самаахвярнай любові да Радзімы. Ула­дзімір Сямёнавіч прысвяціў свайму літаратурнаму “куміру” верш і эсэ “Летапісец”, у якім трапна назваў Багдановіча “самотнай зоркай”.

Выстава “Мая душа, як ястраб дзікі, што рвецца ў неба на прастор” з фондаў Гро­дзенскага музея М. Багдановіча дазваляе даведацца пра цікавыя факты з жыцця паэта. Сярод экспанатаў выставы – дакументы, лісты, фотаздымкі сям’і аўтара “Слуцкіх ткачых”… А вось і яго першы і, на жаль, адзіны зборнік “Вянок”, “палымянае сэрца” творчасці. Невялікая кніжачка, пад сціплай вокладкай якой сабраны сапраўдныя паэтычныя шэдэўры. Багдановіч пераканаў усіх песімістаў: на беларускай мове можна стварыць і трыялет, і санет, і рандо, і іншыя класічныя вершаваныя формы. Максім Кніжнік, як іншы раз падпісваў свае творы Багдановіч, пакінуў нашчадкам цудоўны скарб, навучыў нас з пяшчотай адносіцца да матчынага слова.

Адправіцца ў Гродзенскі музей наведвальнікі выставы могуць завочна: на вялікіх фотаздымках: кабінет бацькі, пакоі маці і дзяцей, гасцёўня. Падчас адкрыцця выставы дырэктар установы культуры Святлана Мікалаеўна Рапецкая правяла цікавую і змястоўную экскурсію (на здымку).

Цікавы факт з біяграфіі Багдановіча, які прымушае задумацца. У сям’і паэта размаўлялі па-руску. Але лад, звычкі, густы былі беларускія. Дзецям расказвалі беларускія казкі, спявалі беларускія песні. Сэрца Багдановіча заўсёды імкнулася да роднага краю. Ён прасіў: “Ты прабач, ты прымі свайго сына…” Праз гады наш зямляк адрасуе творцу наступныя радкі: “Бо як ёсць у народа такія – не загіне давеку народ”.

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий