У ЛІКУ ЛЕПШЫХ ЗААТЭХНІКАЎ КРАІНЫ

Сярод вядучых спецыялістаў, працуючых на птушкафабрыках Рэспублікі Беларусь, добра вядома імя нашай зямлячкі Галіны Арашкевіч – намесніка дырэктара ААТ “Птушкафабрыка Аршанская” (на здымку).

Справа ў тым, што Галіна Уладзіміраўна двойчы выходзіла пераможцай у рэспубліканскім спаборніцтве сярод спецыялістаў-заатэхнікаў. Яе вопыт, веды, прафесіяналізм высока цэняцца сярод беларускіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. З павагай да яе ставяцца ў Аршанскім райвыканкаме і, безумоўна, на яе родным прадпрыемстве.

Галіна Уладзіміраўна родам з Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Яна з сям’і дактароў, якія аднойчы прыехалі на работу ў в. Стайкі, ды так і засталіся на Аршанскай зямлі. Тут дзяўчынка вырасла і скончыла школу, потым паступіла на заатэхніка ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які скончыла з чырвоным дыпломам. На гэтым яна не спынілася і прадоўжыла сваю адукацыю ў Вялікалукскім сельскагаспадарчым інстытуце.

У 1983 годзе вярнулася ў Беларусь, а дакладней, у п. Бабінічы, дзе па волі лёсу знайшла не толькі работу па любімай спецыяльнасці, але і дом, сваю сям’ю. Пасля аб’яднання калгаса “Ленінская іскра” з птушкафабрыкай у 2000 годзе яна стала галоўным заатэхнікам прадпрыемства. Апошнія чатыры гады займае пасаду намесніка дырэктара па вытворчасці. Усё жыццё Галіны Уладзіміраўны – гэта гісторыя чалавека, які здолеў сваёй самаадданай працай, стараннасцю дасягнуць пэўных вышынь у жыцці і ў даверанай ёй справе.

Аршанская птушкафабрыка была і застаецца ў шэрагу перадавых прадпрыемстваў і раёна, і вобласці, і рэспублікі. Напрыклад, яйцаноскасць на адну курыцу-нясушку ў 2011 годзе склала больш за 320 яек. Гэта чацвёрты вынік сярод аналагічных прадпрыемстваў рэспублікі. Удой на карову склаў 7233 кг малака – гэта другое месца сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Аршанскага раёна.

Галіна Уладзіміраўна не проста добры кіраўнік, але і цудоўная жанчына. Яна вельмі ўважлівая да ўсіх, з кім працуе, і гэта нягледзячы на занятасць, складаны графік яе работы. Ёй удаецца многае, у якой бы справе яна ні прымала ўдзел – поспех гарантаваны. Нельга абысці ўвагай яе імкненне быць цудоўнай гаспадыняй у доме, любячай жонкай і клапатлівай маці. Муж Анатоль Васільевіч Арашкевіч працуе побач, ён аператар-птушкавод. Сын Павел – студэнт Міжнароднага інстытута сацыяльных і працоўных адносін, будучы юрыст. У п. Бабінічы ведаюць Галіну Уладзіміраўну і як вопытнага кветкавода, бо і ў доме, і на прысядзібным участку гаспадыні пануюць кветкі розных гатункаў і відаў. Гэта захапленне – адлюстраванне шырокай і цудоўнай душы Галіны Уладзіміраўны, яе шчырага сэрца і добрых помыслаў.

Людміла Людміна.

Фота аўтара.

Добавить комментарий