КАМЕНЬ СЯМIГАЮН

Старажытная прошча, дзе i сёння iснуе гаючы камень – Сямiгаюн, месцiцца каля паўднёвай ускраiны Оршы ў лесе на левабярэжжы Дняпра за 0,3 км нiжэй чыгуначнага моста на невялiкай палянцы, абкружанай з двух бакоў неглыбокiм ровам. Шанаванне Сямiгаюна – ледавiковага чырванавата-шэрага валуна памерам каля двух метраў – прыпадае на залатую восеньскую пару – 14 верасня, гэта ж i дзень царкоўнага Навалецця.

Пачалася гэта гiсторыя ў Смаленску ў далёкiм сярэднявеччы. З працяглых вандраванняў вярнулiся ў баць­коўскую хату сямёра сыноў. Не вельмi доўгай была iх радасць. Прыкметы бязлiтаснай страшэннай хваробы хутка нагадалi братам, як давялося iм на некалькi дзён спынiцца ў напалавiну спустошаным пошасцю чужым горадзе, дзе на iх вачах памёр не адзiн дзясятак жыхароў.

Калi хвароба стала вiдавочнай, каб захаваць iншых гараджан ад небяспечнай эпiдэмii, смаляне выгналi братоў з горада. Тыя зрабiлі плыт і паплылi ўнiз па Дняпры. Не аказалiся больш мiласэрнымi да хворых таксама жыхары Дуброўна i Оршы: баючыся распаўсюджання пошасцi, яны надзейна зачынялi перад выгнаннiкамi гарадскiя вароты. Аслабленыя, змораныя далёкiм шляхам i хваробай, браты вырашылi спынiцца ў векавым лесе на левым беразе ракi нiжэй Оршы. Кароткi восеньскi дзень ужо хiлiўся да вечара, калi ў лясным урочышчы сярод невялiчкай паляны ля нагрэтага сонцам буйнога валуна гэтыя лю­дзi зрабiлi шалаш i, стомленыя, ляглi адпачываць.

Абудзiлi iх сярод ночы страшэнны вецер, халодны лiвень i таямнiчае мiльгаценне яркага святла. Навокал адбывалася нейкае дзiва! Пад моцным дажджом камень каля шалаша заставаўся сухiм. Нiбы вялiкая палаючая печка, выпраменьваў ён прыемнае гаючае цяпло, зыходзiла ад яго i неверагоднае блакiтна-ружовае ззянне, чулiся цiхiя незразумелыя гукi. Прыгрэўшыся каля цёплага валуна, хутка пад шум лесу зноў заснулi браты. Працяг тутэйшых дзiвосаў адбыўся на свiтанку – ранiцу браты сустрэлi ўжо здаровыя i моцныя…

Аршанцы першымi даведалiся пра незвычайную па­дзею (згодна з даўнiм звычаем, пасля збаўлення ад небяспечнай хваробы былы хворы павінен быў засведчыць сваё выздараўленне ў святара, i толькi пасля гэтага яму дазвалялася жыць разам з iншымі людзьмi). Паводле падання, з тае пары шматлiкiя пакаленнi нашых землякоў гаiлi ля гэтага каменя свае раны, ратаваў валун i ад мноства хвароб. З пакалення ў пакаленне перадавалася вера ў жыватворна-гаючую сiлу чароўнага каменя. Гаючымi лiчылiся нават сабраныя каля яго травы, грыбы, ягады, арэхi. Прыгадваючы семярых братоў, якiя першымi адшукалi цудадзейны валун, пачалi зваць яго Сямiгаюнам, цi проста Гаюнам. Кажуць, што звязана з гэтым дзiўным каменным волатам яшчэ i нейкая iншая вялiкая хвалюючая таямнiца, раскрыць якую нельга…

А. ШЫНКЕВІЧ,

аршанскі краязнаўца.

Добавить комментарий