Гартаю пажаўцелыя тамы – і адчуваю вечнасць…

За ўсё жыццё наш зямляк Янка Сіпакоў не сабраў вялікіх скарбаў. Але адна вялікая каштоўнасць, даражэйшая за многія скарбы, усё ж захавалася. Уласную бібліятэку Іван Данілавіч збіраў усё жыццё. Гэта зіхатлівыя каралі, створаныя з некалькіх тысячаў “каменьчыкаў”. Калі казаць дакладней, бібліятэка Янкі Сіпакова налічвае звыш за дзесяць тысяч тамоў.

Вялікі кнігалюб яшчэ пры жыцці вырашыў завяшчаць свой каштоўны скарб Аршанскай бібліятэцы імя А. Пушкіна, з якой ён заўжды сябраваў. Паэт паставіў толькі дзве, але абавязковыя ўмовы. Супрацоўнікі Пушкінкі павінны захаваць цэласнасць бібліятэкі, не раз’ядноўваць па фондах. Да таго ж, кнігі павінны працаваць у Оршы. І вось жыхары горада над Дняпром атрымалі добры падарунак. У Оршы з’явілася бібліятэка Янкі Сіпакова. Калі трапляеш сюды, адчуваеш, што паэт побач з намі. Вось ён, малады, прыгожы, удумліва пазірае на нас з партрэта на сцяне. Здаецца, яшчэ імгненне – і пачуеш стук клавішаў нястомнай працаўніцы – пячатнай машынкі, на якой “нарадзіліся” “Зубрэвіцкая сага”, “Веча славянскіх балад” і іншыя творы.

Зараз экспануецца толькі частка з завешчаных кніг. Але бібліятэка Янкі Сіпакова ў Пушкінцы будзе расці. Тут можна знайсці кнігі на самыя розныя тэмы і розных жанраў. Дарэчы, самая старая кніга з асабістай бібліятэкі Івана Данілавіча была выдадзена ў 1855 г. Амаль уся прадстаўленая беларуская літаратура – з аўтографамі. Дарэчы, на ўсіх кнігах – спецыяльна распрацаваны штамп, які зацвердзіў сам Сіпакоў.

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий