У гарадскім Цэнтры культуры прайшла персанальная выстава Барыса Літаровіча

“Край  мой  мілы,  край  мой беларускі” — пад такой назвай у гарадскім Цэнтры культуры прайшла персанальная выстава жывапісу аршанскага мастака, паэта Барыса Цімафеевіча Літаровіча, на якой было прадстаўлена больш за трыццаць карцін.

Чаму былі прысвечаны творчыя работы Барыса Цімафеевіча, сама за сябе гаворыць назва яго выставы. Захапленне аўтара непаўторнай прыгажосцю беларускай прыроды, яе разнастайнасцю і каляровай насычаннасцю перадавалі пейзажныя карціны аршанскага мастака.

Адкрываў выставу Барыса Цімафеевіча “Край мой мілы, край мой беларускі” першы намеснік старшыні Аршанскага гарадскога выканаўчага камітэта Мікалай Віктаравіч Саксонаў. Павіншавалі з адкрыццём чарговай выставы Б. Літаровіча начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце Аршанскага гарадскога выканаўчага камітэта Алена Фёдараўна Русакова, а таксама загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення гарадской бальніцы №2 Маргарыта Ціма-фееўна Сушко, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Пушкіна Ірына Аляксееўна Дзямідава, дырэктар музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Ірына Сяргееўна Воранава і даўні сябар Барыса Цімафеевіча Яўгенія Якаўлеўна Лаута.

Да дня адкрыцця выставы Барыса Літаровіча цэнтральная гарадская бібліятэка імя Пушкіна падрыхтавала незвычайны падарунак для яе аўтара – некалькі экзэмпляраў зборнікаў вершаў Барыса Цімафеевіча пад назвай “Лебядзіная песня паэта”.

Выстава была праведена пры непасрэднай падтрымцы Аршанскага гарадскога выканаўчага камітэта, аддзела культуры, музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Пушкіна і, безумоўна, гарадскога Цэнтра культуры. Афармленнем экспазіцыі выставы займаўся мастак гарадскога Цэнтра культуры Анатолій Пятровіч Жураўлёў.

А. ШУРДУКОВА

Добавить комментарий