І СТАЎ ЛІПЕНЬ ЯРЧЭЙШЫМ

Сапраўднае лета нельга ўявіць без “Славянскага базару ў Віцебску”. Канцэрты, спектаклі на любы густ, вернісажы мастакоў пад адкрытым небам, святочны гандаль, “Горад майстроў” – вось з чаго складаецца фестывальная мазаіка.

Кожны з удзельнікаў святочных мерапрыемстваў праяўляе фантазію, каб здзівіць жыхароў і гасцей фестывальнага Віцебска. Паспрабаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні можна і на “Аршанскім падворку”. Ля гандлёвых павільёнаў ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат” шматлюдна. Гэта не дзіва, тут усё нагадвае падворак сапраўднага беларуса: і вятрак, і калодзеж, а вось і сам гаспадар заклікае гасцей адведаць смачны шашлык.

На вуліцы Леніна госці і жыхары фестывальнага горада над Дзвіной змаглі набыць прадукцыю Аршанскага льнокамбіната і КУП БАН Аршанскага гарвыканкама.

Гудзіць, нібы пчаліны вулей, Віцебск святочны. Парк Пераможцаў у гэтым годзе прытуліў “Горад майстроў”. Таццяна Шынкарова, кіраўнік гуртка керамікі пры Аршанскім гарадскім Доме рамёстваў, з усмешкай дэманструе гліняную фігурку. Менавіта так майстрыха ўяўляе сапраўдную жыхарку горада над Дняпром. Таццяна Гаманчук прапаноўвае юным модніцам і сапраўдным ледзі шыкоўныя, вытанчаныя вырабы з бісеру. Сярод работ са скуры і меху, створаных Аленай Паляковай сумесна з іншымі ўмельцамі, не толькі жаноцкія ўпрыгажэнні. Вырабы аршанскай майстрыхі выдатна аздобяць любы інтэр’ер. Дарэчы, як і драўляныя работы Генадзя Ксенафонтава.

Марына СЯМАШКА.

На здымках: Віцебск фестывальны.

Добавить комментарий