СЛОВАМ СЛАЎЛЮ РОДНЫ КРАЙ…

Філіял Літаратурнага музея імя Янкі Купалы, што знаходзіцца ў маляўнічым кутку Аршаншчыны на беразе Дняпра ў Ляўках, падчас правядзення абласнога свята паэзіі і музыкі “Купалаўскія зарніцы”, прысвечанага 131-й гадавіне з дня нараджэння Івана Луцэвіча, пераўтвараецца ў сапраўдны святочны гарадок.

З усёй Віцебшчыны сюды сабраліся прыхільнікі творчасці славутага песняра Беларускай зямлі Я. Купалы. Традыцыйна кожны год гэта свята ладзіцца для ўсіх, хто любіць творчасць беларускага пісьменніка, імкнецца атрымаць асалоду ад прыгажосці непаўторнай прыроды, прайсціся сцежкамі паэта.

Як заўсёды, Ляўкоўская зямля сустракала добра прызнаных беларускім чытачом паэтаў і пісьменнікаў, сярод якіх старшыня Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Тамара Краснова-Гусачэнка, першы сакратар грамадскага аб’яднання “Саюзпісьменнікаў Беларусі” Генадзь Пашкоў, Васіль Шырко, Славамір Антановіч, Павел Саковіч, Алесь Жыгуноў, Канстанцін Нілаў, Барыс Беляжэнка, Сяргей і Галіна Трафімавы, Іван Саверчанка і многія іншыя.

Супрацоўнікі музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны пазнаёмілі гасцей са старадаўнімі абрадамі аршанцаў, запрасілі прайсціся пад трыумфальнай аркай, складзенай з ручніка. І, як заведзена ў беларусаў, кожны пажадаў адзін аднаму дабра, шчасця і радасці.

Гасцінныя аршанцы шчыра частавалі ўсіх, хто сабраўся на свята, беларускімі стравамі, якія гатавалі яшчэ іх бацькі і дзяды. На сталах можна было ўбачыць залацістыя клёцкі і бульбу, кулеш, агуркі, пышныя бліны з печы, квас і многае іншае. Усе гэтыя прысмакі прадставілі жыхары Якаўлевічскага і Стаўроўскага сельскіх Саветаў, Копысскага Дома культуры, Высокага, Міцькаўшчыны, а таксама прадстаўнікі Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Як вядома, беларусы заў­сёды працавалі і адпачывалі з песняй, таму на працягу ўсяго свята без перапынку гучала музыка. Артысты Аршаншчыны радавалі ўсіх разнастайнымі нумарамі мастацкай сама­дзейнасці: песнямі, танцамі, театралізаванымі сцэнкамі, цыркавымі нумарамі.

Складана ўявіць свята паэзіі без кнігі, таму ў Ляўках былі прадстаўлены цікавыя кніжныя выставы “Каб любіць Беларусь маю мілую…”, “Прыйдзі, пясняр, да нас на Купалле…”, “Застаецца слова ў сэрцы”. Былі наладжаны і выставы народных майстроў.

Урачыстая цырымонія адкрыцця свята паэзіі і музыкі “Купалаўскія зарніцы” адбылася ля помніка беларускаму творцу Янку Купалу. Тут былі ўскладзены кветкі.

Далей усіх удзельнікаў ляўкоўскага кірмашу чакала тэатралізаваная канцэртная праграма “У госці да Паўлінкі”, падрыхтаваная народным тэатрам “Катарсіс” гарадскога Палаца культуры. На сцэнічнай пляцоўцы запаведніка з радасцю сустракалі ўсіх, хто сябруе з песняй і жартам. У гасцінную хату да прыгажуні Паўлінкі і яе бацькоў завіталі Высокаўскі народны хор, народны ансамбль музыкі і песні г. Барані “Крынічанька”, узорны харэаграфічны калектыў гарадскога Цэнтра культуры “Весялушкі”, цыркавая студыя “Фантазёры” гарадскога Цэнтра культуры і студыя эстраднага танца “Шэп” гарадскога Палаца культуры.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №78 за 9 июля 2013 года).

Добавить комментарий