В Орше прошел отбор на конкурс патриотической песни «Голос поколений»

У гарадскім Цэнтры культуры ў Оршы прайшоў першы адборачны тур гарадскога конкурсу патрыятычнай песні “Голас пакаленняў”, арганізатарамі якога выступілі аддзел культуры, аддзел па справах моладзі, аддзел адукацыі Аршанскага гарвыканкама і ГК БРСМ.

Сёлета конкурс сабраў значна больш удзельнікаў, чым летась: 56 нумароў. Сярод выканаўцаў былі навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, а таксама рабочая моладзь. Здаецца, што тут складанага – выйсці і праспяваць песню, аднак кожнаму з удзельнікаў трэба было добра прадумаць, якую кампазіцыю адпаведнай тэматыкі выбраць і як выканаць, каб праз яе словы, музыку перадаць гонар за сваю Радзіму, прадэманстраваць сцэнічны артыстызм і вакальныя дадзеныя. Колькасць салістаў, дуэтаў і калектываў, якія прынялі ўдзел у конкурсе, паказала, што цяжкасцей аршанцы не пабаяліся.

Парадаваў багаты рэпертуар конкурсу – песні амаль не паўтараліся. У праграму выступлення ўвайшлі творы лірычнай і ваенна-патрыятычнай тэматыкі, афганскія песні і шлягеры мінулых гадоў. Аматары мастацкай творчасці сапраўды парадавалі гледачоў і стварылі цёплы настрой. Асаблівую ўвагу прыцягнула Ганна Стаброўская, якая прадстаўляла УАЗ “АЦП”. Яна зачаравала сваім выступленнем усіх, хто сабраўся ў зале Цэнтра культуры.

У панядзелак 14 лютага адборачны тур гарадскога конкурсу патрыятычнай песні пройдзе сярод вучняў гарадскіх школ. Лепшыя выканаўцы прымуць удзел у гала-канцэрце, які адбудзецца 18 лютага ў гарадскім Цэнтры культуры.

Анжэла ШУРДУКОВА.

Добавить комментарий