Важны ў жыцці дакумент

Па добрай штогадовай традыцыі, менавіта ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у рамках акцыi “Мы – грамадзяне Беларусі” ў зале Аршанскага раённага аддзела адукацыі адбылося ўрачыстае ўручэнне вучням школ Аршаншчыны галоўных дзяржаўных дакументаў – пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Бясспрэчна, дзень 15 сакавіка – сапраўды асаблівы для моладзі. Атрымліваючы пашпарт, сённяшнія шаснаццацігадовыя юнакі і дзяўчаты становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны. І з гэтага знамянальнага дня яны павінны адчуваць адказнасць за Беларусь, займаць актыўную грамадскую пазіцыю.

З урачыстай падзеяй у жыцці падлеткаў – уручэннем пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь – школьнікаў павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы Аршанскага райвыканкама На­дзея Канстанцінаўна Стаховіч, якая падрабязна расказала пра асноўны закон Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыю. Пад гучныя апладысменты ўсіх ­удзельнікаў цырымоніі дзяўчаты і юнакі атрымалі пашпарты з рук старшага інспектара падраздзялення па грама­дзянству і міграцыі Аршанскага РАУС Святланы Уладзіміраўны Шамшур. Таксама школьным актывістам уручылі членскія білеты БРСМ.

Цяпер для моладзі надыходзіць важны перыяд, калі неабходна акрэсліць правільны жыццёвы накірунак і, ніколі не спыняючыся на дасягнутым, смела рухацца наперад.

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.

На здымку: уручэнне пашпарта і членскага білета БРСМ вучаніцы 10 класа Зубрэвічскага ДНПК ­ д/с-СШ Ганне Жэчка.

Добавить комментарий