На паэтычнай хвалі

Упершыню прыхільнікі літаратурнай творчасці Оршы пазнаёміліся з паэтэсай, крытыкам і публіцыстам з Віцебска Тамарай Красновай-Гусачэнка (на здымку) ў мінулым годзе – на прэзентацыі кнігі “Дняпроўскія галасы-60”. Пасля яна завітала на святочныя мерапрыемствы з нагоды юбілею Ул. Караткевіча. І вось чарговая сустрэча ў музеі Ул. Караткевіча.

Вершы Тамары Іванаўны да глыбіні душы кранаюць сэрца, бо нагадваюць жамчужныя бусы, на якія з любоўю і пяшчотай нанізана кожнае слова. Першыя паэтычныя радкі яна напісала яшчэ ў сем гадоў, а ўжо ў 12 пачала друкаваць іх у раённых і абласных газетах Браншчыны, адкуль сама родам. Больш за дзесяць гадоў займалася ў творчым паэтычным семінары літаб’яднання Бранскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. У 1974 годзе пераехала з сям’ёй у Беларусь.

Тамара Краснова-Гусачэнка з’яўляецца аўтарам 15 кніг: “На одном дыхании», «Отпусти меня, боль», «Посреди зимы», «Я пришла», «Осень молодая» і інш. Яе падборкі вершаў друкуюцца ў літаратурна-мастацкіх журналах і іншых перыядычных выданнях. З творчасцю паэтэсы добра знаёмы не толькі ў розных кутках нашай краіны, але і далёка за яе межамі: ва Украіне, у Южнай Асеціі, Латвіі і г.д. Тамара Іванаўна – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза расійскіх пісьменнікаў, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, член праўлення і прэзідыума гэтага саюза, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Сімяона Полацкага, лаўрэат першай прэміі першага Усерасійскага фестывалю нацыянальных культур “Нас з’яднала зямля Беларусі”, лаўрэат абласной прэміі Ул. Караткевіча. Удастоена адной з высокіх дзяржаўных узнагарод Беларусі – медаля Ф. Скарыны.

На творчай сустрэчы Тамара Іванаўна прачытала вершы, якія, на яе погляд, больш за ўсё раскрываюць яе характар, светапогляд, адметныя рысы паэтэсы.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий