Галоўны базар краіны васількоў

Калі жыхару замежнай дзяржавы задаць пытанне: “З чым у вас асацыіруецца Беларусь?” – пачуеце ў адказ мноства самых разнастайных адказаў. Сярод варыянтаў абавязкова будзе “Славянскі базар у Віцебску”. Міжнародны фестываль мастацтваў даўно стаў своеасаблівай візітоўкай нашай краіны. У гэтым годзе госці і ўдзельнікі грандыёзнага свята прыедуць у горад на Дзвіне ў дваццаты раз. Юбілейны фестываль пройдзе з 8 па 14 ліпеня. Чым аршанцам запомніўся “Славянскі базар” у мінулыя гады і чаго яны чакаюць ад любімага свята мастацтва сёлета?

Ніна Васільеўна, хатняя гаспадыня:
– На “Славянскі базар” езджу амаль кожны год. Чым прываблівае фестываль? Яркімі фарбамі, незабыўнымі эмоцыямі, зарадам пазітыву. На тыдзень Віцебск становіцца эпіцэнтрам культурных падзей. Цікава нават проста пагуляць па горадзе ў фестывальныя дні. Абавязкова заходжу ў горад майстроў, ніколі дадому без пакупак не вярталася. Аднойчы да мяне прыехалі сваякі з-за мяжы, паехалі на “Славянскі базар”. Колькі слоў падзякі ад іх пачула пасля! Фестываль у Віцебску – гордасць нашай краіны.

Настасся, гандлёвы работнік:
– Раней, яшчэ ў школьны час, я танцавала ў “Ві-За-Ві”. На “Славянскі базар у Віцебску” ездзі­ла разам з калектывам некалькі разоў. Выступалі мы разам з “зоркамі” беларускай эстрады. Фестываль заўжды пакідаў пасля сябе прыемныя ўспаміны, хацелася вяртацца на сцэну Летняга амфітэатра зноў і зноў. Канешне, выступаць на “Славянскім базары” – вельмі адказна. Аднойчы са мной здарылася няшчасце, прыйшлося выхадзіць на сцэну з балючай нагой, але работа ёсць работа, нічога не зробіш. На памяць пра выступленні на фестывалі засталіся фотаздымкі з “зоркамі”, сувеніры з горада майстроў. На “Славянскім базары” я знайшла шмат сяброў, падтрымліваю знаёмства з імі і сёння. Зараз я жыву і працую ў Віцебску. Кожнае лета ў ліпені да мяне прыязджаюць сябры і родныя, каб пагуляць па фестывальным горадзе, схадзіць у горад майстроў і абавязкова набыць непаўторныя вырабы. Абавязкова ходзім на канцэрты. У мінулым годзе былі на выступленні Дзімы Білана на адкрытай пляцоўцы на плошчы Перамогі. Адчуванні – супер! Словамі не перадаць.  

Павел, электрамантажнік:
– Беларусам пашанцавала, што ў нас ёсць такі цудоўны фестываль. Я з сябрамі вельмі часта езджу на “Славянскі базар”, аднойчы нават здымалі кватэру на тыдзень. Зусім неабавязкова хадзіць на канцэрты, каб адчуць атмасферу свята. Дастаткова пабываць у горадзе майстроў ці на дыскатэцы, якая право­дзіцца на плошчы Тысячагоддзя.

Юлія Уладзіміраўна, настаўніца:
– На фестывальных канцэртах была два разы. Спачатку трапіла на рок-канцэрт. Набылі білеты на месцы каля сцэны, было добра відаць выканаўцаў, выдатная якасць гуку, усё спадабалася. А вось канцэрт “Танцуй да раніцы” пакінуў розныя ўспаміны. Станоўчае ў тым, што выступала шмат вядомых расійскіх спевакоў і груп. Толькі вось спачатку на сцэну выхо­дзілі “зоркі”, а ў заканчэнні публіка амаль што заснула пад песні нікому не вядомых артыстаў з Прыбалтыкі і Украіны. Канцэрт сваю назву не пацвердзіў. Толькі гледачы спрабавалі танцаваць, падыходзілі супрацоўнікі аховы амфітэатра і прасілі сесці на месца. У гэтым годзе на “Славянскі базар” трапіць, напэўна, не змагу, паеду ў госці да сяброўкі ў Гродна.

Ганна, жыхарка Віцебска:
– Для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю “Славянскі базар” – гэта свята. А падумайце, колькі прыходзіцца перажыць жыхарам абласнога цэнтра. Пробкі ў цэнтры і на выездзе з Віцебска, перапоўненыя цягнікі, горы смецця, дым ад мангалаў, пастаянны кантроль на вуліцах, “армія” прыезджых, якія не заўсёды культурна і карэктна сябе паводзяць… Прыязджайце, пажывіце, папрацуйце ў Віцебску падчас фестывалю. Канешне, прыемна што ў нас праводзіцца фестываль міжнароднага маштабу, толькі не трэба забываць пра элементарныя правілы паводзін.

Ірына, дызайнер:
– “Славянскі базар у Віцебску” – гэта не толькі канцэрты эстрадных выканаўцаў. Не менш цікава пабываць на ярмарцы народных рамёстваў “Горад майстроў”, на тэатральных сустрэчах. Адразу некалькі фестываляў праходзяць у гэты час, адзін з іх – “Віцебск. Феерыя льну”. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічае і Аршанскі льнокамбінат.

Тры краіны – Беларусь, Расія і Украіна – дваццаць гадоў таму правялі першы фестываль “Славянскі базар у Віцебску”. Арганізатары хацелі пазнаёміць віцебскага гледача з песеннай творчасцю братэрскіх дзяржаў. Сёння на “Славянскі базар” прыязджаюць не толькі славяне, на сцэне Летняга амфітэатра выступаюць “зоркі” з розных краін і кантынентаў. А гэта зна­чыць, што дэвіз фестывалю – “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення” – не проста прыгожыя словы.

Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий