Правільны выбар

Здаецца, толькі ўчора празвінеў апошні званок, а сёння ўжо тысячы юнакоў і дзяўчат разам з бацькамі вырашаюць складанае пытанне: куды пайсці вучыцца? Хачу запрасіць вас, хлопцы і дзяўчаты, на завочную экскурсію ў самы старэйшы аграрны каледж рэспублікі, што знаходзіцца ў аграгарадку Смальяны Аршанскага раёна.

Яшчэ на пад’ездзе бачны помнікі старажытнай гісторыі: замак “Белы Ковель”, Дамініканскі касцёл Святой Марыі, драўляная Спаса-Прэабражэнская царква. Далей тэрыторыя самога каледжа: вялізныя кветнікі, драўляныя скульптуры. На парозе навучальнай установы нас сустракае моладзь. Рабяты гучна абмяркоўваюць пачутае на занятках, прыветна ўсміхаюцца выкладчыкі, якія разам з дырэктарам Т. Барысенка робяць усё магчымае, каб каледж прыгажэў і развіваўся.

Тут сучасныя вучэбныя кабінеты, лабараторыі, спартыўная зала, Дом культуры, дзе паўсюдна чуваць галасы юнакоў і дзяўчат. Любімым месцам многіх навучэнцаў з’яўляецца сталовая: і кормяць смачна, і каштуе недорага. На тэрыторыі каледжа працуюць два кафетэрыі і магазін “Маладзёжны”, дзе можна набыць неабходныя прадукты, прамысловыя і канцылярскія тавары.

Для падлеткаў і іх бацькоў немалаважныя ўмовы пражывання ў інтэрнаце. Зазірнём і туды. Дзяўчаты, як будучыя гаспадынькі, заняты навядзеннем парадку ў пакоях, а хлопцаў можна ўбачыць на кухні, дзе яны рыхтуюць ежу. У інтэрнатах праведзены добры рамонт, завезена новая мэбля і вельмі радуе, што навучэнцы беражліва адносяцца да інтэрнатаўскай маёмасці. Вечарамі хлопцы і дзяўчаты ба­вяць вольны час на занятках гурткоў або спартыўных секцыях. Захапленні кожны выбірае па ўласным гусце.

Безумоўна, многія навед­ваюць любімыя ўсімі дыскатэкі і канцэрты, дзе раскрываюцца мастацкія таленты навучэнцаў нашага каледжа.

Прыязджайце да нас.

С. Венжык,
выкладчык каледжа.

Добавить комментарий