ДА КУПАЛЫ Ў ЛЯЎКІ

У суботу адзін з самых маляўнічых куткоў Аршанскай зямлі – Ляўкі – прымаў удзельнікаў абласнога свята паэзіі «Звіні, спявай, Купалаўская ліра!», прысвечанага 129-й гадавіне з дня нараджэння славутага беларускага песняра. Хлебам-соллю і з песняй удзельнікі Арэхаўскага народнага хору сустракалі на ўваходзе ў мемарыяльны запаведнік паэтаў і пісьменнікаў з Мінска, Віцебска і Оршы. На свята сабраліся прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, работнікі культуры Аршаншчыны, бібліятэкары, настаўнікі, а таксама жыхары Ляўкоў і бліжэйшых вёсак, адным словам, усе тыя, каму блізка паэтычнае слова (на здымку).

Упершыню больш за 70 гадоў таму назад Я. Купала наведаў гэтыя мясціны, якія з першага погляду зачаравалі паэта сваёй прыгажосцю. Тут ён стварыў адзін з лепшых цыклаў у сваёй творчасці, які так і называецца – ляўкоўскі. Дача Я. Купалы заўсёды была месцам сустрэчы з многімі беларускімі пісьменнікамі і замежнымі гасцямі. Вось і сёлета на купалаўскую дачу ў Ляўкі з Мінска прыехалі Андрэй Цяўлоўскі, Ніна Чайка, з Віцебска – Тамара Краснова-Гусачэнка, Барыс Беляжэнка, Віктар Улюценка, Васіль Руды, з Оршы – Канстанцін Нілаў, Анатоль Прохараў, Сяргей Трафімаў. Гасцямі свята сталі старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Станіслаў Кошкін, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Ала Цярэнцьева, спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Галіна Мартынава, а таксама начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў Аршанскага райвыканкама.

Народныя ўмельцы з раённага Дома рамёстваў арганізавалі для ўдзельнікаў свята выставу-продаж сваіх вырабаў. Была наладжана кніжная выстава, прадстаўлены прысмакі беларускай кухні. Удзельнікі свята пазнаёміліся з дзейнасцю народных аматарскіх аб’яднанняў Аршанскага раёна. Нікога не пакінула раўнадушным прадстаўленне тэатра лялек “Батлейка” пад назвай “Казка чатырох чараўніц”.

Кожны мог прыняць удзел у насычанай гульнёвай праграме, паспрабаваць сваё шчасце ў бяспройгрышнай латарэі. Супрацоўнікі літаратурнага музея правялі экскурсію, расказалі пра гады жыцця вялікага паэта ў Ляўках. Янка Купала прыязджаў сюды на пачатку лета і жыў да глыбокай восені з 1935-га па 1941-ы гады.

Да скульптурнай кампазіцыі А. Анікейчыка “Восень паэта” – аднаго з лепшых помнікаў народнаму паэту, што займае цэнтральнае месца ў мемарыяльным комплексе “Ляўкі”, – былі ўскладзены кветкі.
Са святочна ўпрыгожанай сцэны ў цэнтры з партрэтам Я. Купалы гучалі творы сучасных паэтаў і празаікаў, песні ў гонар беларускага песняра. Аддаць даніну павагі вялікаму паэту прыехалі прадстаўнікі заслужанага ансамбля танца, песні і музыкі “Талака” Віцебскай абласной філармоніі і артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, якія прадставілі кампазіцыю па матывах спектакля “Сон на кургане” па аднайменнай паэме Я. Купалы.

Радавалі нумарамі мастацкай самадзейнасці і калектывы Аршаншчыны – Арэхаўскі народны хор, фальклорны гурток “Аршаначка” (Антонаўскі СДК), народны ансамбль песні “Родныя напевы” (Межаўскі СДК), вакальная група Высокаўскага народнага хору, сводны аркестр народных інструментаў, сводны квінтэт баяністаў Забалацкай і Бабініцкай ДШМ. Святочны настрой ні на хвіліну не пакідаў прысутных. Песні, вершы краналі сэрцы і сагравалі душы. Тут панавала асаблівая атмасфера цеплыні і добразычлівасці.

Свята паэзіі «Звіні, спявай, Купалаўская ліра!» атрымалася вельмі яркім і насычаным, дазволіла дакрануцца да высокай паэзіі, усцешыцца беларускімі песнямі, а самае галоўнае, прайсціся сцежкамі слаўнага песняра Янкі Купалы, наталіць смагу з Купалаўскай крыніцы натхнення…

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий