Лебядзінае прыстанішча

Што ні кажыце, але малая радзіма для кожнага з нас пачынаецца… з радзільнага дома. Напэўна, таму ўнутраны і знешні выгляд гэтай установы патрабуе да сябе асабліва пільнай увагі. Яно і зразумела: нованароджаных павінна акру­жаць прыгажосць, нездарма ж гавораць, што яна выратуе свет.

Так ці інакш, але тэрыторыя Аршанскага радзільнага дома і сапраўды цешыць вока. Акуратныя кветнікі паўз агароджы, вялікія клумбы перад парадным уваходам і нават з тыльнага боку. Тут творчая натура медработнікаў праявілася з асаблівым размахам. Вось побоч дзве постаці дзетак – хлопчык і дзяўчынка пад парасонам. Яны быццам заклікаюць матуль: прыходзьце сюды яшчэ! А крыху водаль – рэчка з бярозавым мастком и лебядзямі. Белакрылыя птахі нібы чакаюць, пакуль ім прыгатуюць важкія пакункі з немаўлятамі, якіх яны агарнуць белымі крыламі.

Навесці парадак на акружаючай тэрыторыі падсілу любому калектыву, як і зрабіць яе адметнай і яркай. Магчыма, у чытачоў ёсць нямала такіх прыкладаў. Чакаем ад вас, даражэнькія, лістоў на гэтую прыгожую тэму.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий