У пошуках Атлантыды

Белыя плямы ў гісторыі нашай Айчыны заўсёды спадзвігалі няўрымслівых, апантаных, шчыра ўлюбёных у родны край яе сыноў і дачок на тое, каб знайсці адказы на шматлікія пытанні. Як паказвае час, гэтых “чаму?” і “як?”, звязаных з вядомымі і малавядомымі асобамі і падзеямі, назвамі населеных пунктаў, легендамі і паданнямі, у кожным куточку нашай блакітнавокай Беларусі хапае. Узяць хаця б паўночную частку краіны, Віцебшчыну. Штогод толькі дзякуючы намаганням мясцовых краязнаўцаў, настаўнікаў, журналістаў становяцца вядомымі найцікавейшыя гістарычныя факты, якія дапаўняюць багаты летапіс нашай радзімы, абуджаючы ў грамадскасці цікавасць да мінулага.

"Незвычайнае - у звыклым" - такі вынік можна зрабіць, убачыўшы жыхароў Смальян каля работ мастакоў

У нашай публікацыі гэтую важную місію ўзялі на сябе мастакі. Пры дапамозе сямі праве­дзеных на Беларусі, а дакладней – на Віцебшчыне, пленэраў яны стараюцца прыцягнуць увагу людзей да стану закінутых культавых помнікаў, паўзабытых гістарычных падзей, больш уважліва ўгледзецца ў знаёмыя з дзяцінства родныя мясціны. З гэтай нагоды напрыканцы ліпеня ў мястэчка Смальяны Аршанскага раёна прыехалі на пленэр 26 мастакоў, сярод якіх былі і два фотамайстры. Моладзь і членаў Саюза мастакоў Беларусі, пачынаючых творцаў і масцітых прафесіяналаў аб’яднала адна агульная ідэя – паказаць акружаючым унікальнасць звыклых краявідаў, дапамагчы ўсвядоміць, што сучасны чалавек – неад’емны ланцужок гісторыі, якую менавіта ён павінен беражліва захоўваць, каб данесці нашчадкам. Прыкладам таму – маладая сям’я мастакоў Пашкунавых з Мінска, якая разам з дачкой Машай удзельнічае ў падобных пленэрах. З маленства праз падарожжы па гістарычных мясцінах Беларусі дзяўчынка спасцігае самую галоўную каштоўнасць – любоў да радзімы.

Лявонпаль, Дзісна, Друя, Асвея, Опса, Лучай, Смальяны… У кожным з гэтых населеных пунктаў – свая адметная рыса, цаглінка ў падмурку агульнай спадчыны. Трыццацігадовая мастачка Кацярына Мяснікава – адзін з рэалізатараў гэтага праекта. На яе думку, удзельнікі пленэраў, а ў апошнія гады да мерапрыемстваў такога роду далучыліся майстры з многіх рэгіёнаў Беларусі, маюць магчымасць істотна ўдасканаліць прафесійны ўзровень, набіраючыся вопыту ў больш сталых майстроў. Дарэчы, удзельнікаў пленэра наведаў наш знакаміты аршанскі творца, член Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Таранда, які пажадаў калегам плёну ў працы.

За восем дзён пленэра, які ўжо набыў статус рэспубліканскага, зроблена шмат. Прафесар Віцебскага ўніверсітэта імя П. Машэрава Вячаслаў Шамшур, які другі раз удзельнічае ў ажыццяўленні такога роду праекта, мяркуе:

– Некалькі гадоў таму я браў ­удзел у пленэры “Залатыя пяскі”, што на Расоншчыне, радзіме Яна Баршчэўскага. Да гэтага часу ў мяне захаваліся вельмі прыемныя ўспаміны пра тыя мясціны. Быў на Глыбоччыне, радзіме Язэпа Драздовіча, працаваў і ў Ляўках, на радзіме Янкі Купалы. Адметнасць сёлетняга мерапрыемства – вялікая колькасць працавітых маладых творцаў. А яшчэ тут, у Смальянах, надзвычай добрыя людзі. Дзе б мы ні працавалі, яны заўсёды падыходзілі і цікавіліся станам спраў, назіралі за работай, запрашалі ў госці. Адна з такіх добразычлівых гаспадынек – Алена Карпава – гасцінна прыняла на час пленэра некалькі мастакоў. Вынік маёй працы ў Смальянах – тры работы. Адна з іх прысвечана помніку гісторыі, велічнаму замку Белу Ковель. Дадому ў Віцебск я павязу не толькі карціны, але і цэлую нізку новых сяброўскіх стасункаў як з мастакамі, так і з жыхарамі Смальян. Мы кватэравалі ў Смальянскай школе, дзе мелі ў распара­джэнні майстэрню. Вельмі смачна харчаваліся ў сталовай агракаледжа. А напрыканцы пленэра пабывалі ў гасцях у сям’і дырэктара Шыбекскай школы Марыны Мілер. Нас частавалі дранікамі, капусткай, прыгатаванай па асабліваму рэцэпту, і іншымі смачнымі стравамі. Ад імя ўсіх удзельнікаў пленэра хачу шчыра падзяка­ваць мясцовай ўладзе ў асобе старшыні сельскага Савета Галіны Карпушонак, а таксама святару Спаса-Прэабражэнскай царквы, пабудаванай у XVIII стагоддзі, Аляксандру, дырэктару Смальянскай сярэдняй школы Людміле Шарай, дырэктару Шыбекскай базавай школы Марыне Мілер, насельніцтву Смальян і ваколіцы за добразычлівасць і цеплыню.

Пагадзіцеся, паважаныя чытачы, нават па фотаздымку можна ўявіць сабе плён працы мастакоў. Дзясяткі работ, выкананых у розных тэхніках, прысвечаны мінуламу і сучаснаму Смальян. Не памылюся, калі стану сцвярджаць, што такой увагі да сябе гэтае мястэчка не адчувала даўно. У апошні дзень пленэра, суботу, ва ўтульным дворыку каля царквы развярнулася імправізаваная выстава. Работы мастакоў былі прытулены да сцен царквы, нібы ўпітваючы ў сябе апошнія штрыхі з гісторыі гэтага краю. Святар Аляксандр прысвяціў адметнай падзеі ранішнюю службу, на якую сабралася шмат жыхароў мястэчка. У старажытным намоленым храме – царкоўныя спевы, духмяны пах васковых свечак, а пад цёплымі промнямі сонца, побач з ружамі і лілеямі, на карцінах мастакоў не менш велічныя вехі гісторыі – сведкі былой магутнасці – замкі, храмы і звычайныя сялянскія хаты з мілымі сэрцу зараснікамі бэзу каля плоту. Смальянцы, а на выставе было шмат дзяцей, госці гэтага населенага пункта выбіралі карціны ў якасці падарункаў блізкім, рабілі фотаздымкі на памяць, узрушана выказвалі эмоцыі з нагоды знаёмых краявідаў. Сям’я Зубцовых – карэнныя жыхары Смальян. Алена Васільеўна – настаўніца гісторыі, Таццяна Васільеўна – індывідуальны прадпрымальнік, а яе муж Міхаіл Уладзіміравіч – вадзіцель. Смальяны – іх Бацькаўшчына, таму пленэр асабліва ўскалыхнуў іх душы, закрануў самыя патаемныя стрункі. Паліна Сідараўна жыве тут з сярэдзіны 60-х. На выставу работ мастакоў яна прыйшла з сынам, які доўгі час жыў на Далёкім Усхо­дзе. Малады чалавек вырашыў прыдбаць сабе карціну наваполацкага мастака Сяргея Рабцэвіча з выявай помніка гісторыі. Задаволена адметнай падзеяй і Галіна Мікалаеўна, жыхарка Санкт-Пецярбурга. Штогод яна прыязджае ў Смальяны да пляменніц і не жадае аніякіх іншых месцаў адпачынку. Жывапісная прырода, чыстае, амаль празрыстае паветра, і на кожным кроку – яе Вялікасць Гісторыя…

У хуткім часе работы мастакоў убачыць шырокае кола жыхароў Мінска, Віцебска, Оршы. “Аршанская газета” будзе абавязкова трымаць чытачоў у курсе вандровак па краіне незвычайных сведкаў гісторыі – карцін пленэра. А маё сэрца, між тым, грэе лагодная думка: як добра, што жыхары Смальян адкрылі для сябе сваю Атлантыду.

Ліна Гатоўская.

Фота аўтара.

Добавить комментарий