На сваім месцы

Уладзімір Лабуноў

Да Дня чыгуначніка старшы аглядчык вагонаў Аршанскага вагоннага дэпо Уладзімір Уладзіміравіч Лабуноў узнагароджаны Ганаровай граматай Аршанскага гарвыканкама. Гэта не першая яго ўзнагарода за плённую і добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы, раней былі і іншыя, партрэт Уладзіміра Ула-дзіміравіча змяшчаўся на дэпоўскай Дошцы гонару.

Уладзімір Уладзіміравіч – вельмі сціплы чалавек. У яго двое дарослых сыноў, невялікая хатняя гаспадарка, ну і, зразумела, праца, якая складае асноўную частку жыцця.

Нарадзіўся ён у вёсцы Засеклі Аршанскага раёна. Пасля службы ў арміі вырашыў падацца да брата, які на той час жыў у Оршы. Працаўладкаваўся на завод “Легмаш” наладчыкам швейных машын. Але, шчыра кажучы, за стужкай заводскага канвеера адчуваў сябе быццам не ў сваёй талерцы. Таму, калі на заводзе сталі набіраць людзей для адпраўкі ў калгас на дапамогу сялянам ва ўборцы ўраджаю, вызваўся ледзь не добраахвотнікам. З таго часу пытанне, каго адправіць у калгас, перад начальнікам зборачнага цэха не стаяла. Падчас пасяўной і ўборачнай кампаній Уладзімір ехаў на дапамогу сельскім працаўнікам.

Уладзімір Лабуноў не скардзіўся на лёс. За рулём трактара ці камбайна ў яго быццам крылы вырасталі, душа спявала, калі ён бачыў перад сабой духмянае поле, неба, адчуваў на сабе подыхі ветру. Выяўляліся вясковыя карані, ды і -бацька ўсё жыцце працаваў механізатарам – усё было блізкім, родным. Дарэчы, у адной з камандзіровак у калгас хлопец сустрэў у Роскім Сяльцы сваю будучую жонку Ларысу. Калі з’явілася магчымасць, перайшоў працаваць у Аршанскае вагоннае дэпо аглядчыкам вагонаў грузавых цягнікоў, дзе працуе вось ужо 28 гадоў, з іх 16 – старшым аглядчыкам. У яго падпарадкаванні – 10 чалавек, разам яны сочаць за тэхнічным станам рухомага саставу, забяспечваюць на сваім участку бяспеку руху чыгуначнага транспарту. Сваю працу Уладзімір Лабуноў ведае дасканала, любіць і застаецца верным ёй усё жыццё. Адказнасць, з якой ставіцца ён да сваёй справы, добрыя паказчыкі ў рабоце не застаюцца па-за ўвагай кіраўніцтва, якое заўсёды імкнецца і маральна, і матэрыяльна заахвоціць добрасумленных працаўнікоў, у тым ліку і Уладзіміра Уладзіміравіча. У Лабунове заўсёды можна быць упэўненым, бо свае абавязкі гэты спецыяліст выконвае добра, праяўляючы ініцыятыву ў выкананні даручаных заданняў.

У вагонным дэпо працуе -адзін з сыноў Уладзіміра, а таксама старэйшы брат Мікалай і пляменнік. Сям’я Лабуновых вялікая. Часта яны збіраюцца разам у в. Засеклі, у родным доме, дзе жыве 80-гадовая маці Яўгенія Карпаўна. У час такіх сустрэч смажаць шашлыкі, і тады ўжо Уладзіміру Уладзіміравічу няма роўных у гэтай справе.

Людміла Маршаловіч.

Добавить комментарий