РОДНАЯ МАГІСТРАЛЬ

Няспынную, бесперабойную працу Беларускай чыгункі забяспечваюць шматлікія працаўнікі стальных магістралей – чыгуначнікі, якія ў мінулую нядзелю адзначылі сваё прафесійнае свята.

З гэтай нагоды 7 жніўня ў Оршы прайшла святочная праграма пад назвай “Родная магістраль”. З самай раніцы распачаліся спартыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню чыгуначніка. На стадыёне “Лакаматыў” адбыліся турніры па пляжным валейболе, настольным тэнісе, шахматна-шашачныя турніры, армрэслінг, першынствы чыгуначнага вузла па гіравым спорце… Таксама прайшла таварыская сустрэча ветэранаў па футболе – аршанскага “Лакаматыва” з мінскім “Маторам”. Аршанцы ўступілі сталічным гасцям з лікам 4:0.

Урачыстае адкрыццё свята пачалося з творчага параду – маляўнічага шэсця ўдзельнікаў канцэрта, спартсменаў, прадстаўнікоў БРСМ, пасля чаго гледачоў чакала выступленне мастацкіх калектываў г. Оршы. У канцэртным марафоне, які доўжыўся некалькі гадзін, прымалі ўдзел юныя артысты народнага тэатра ДКЧ, ансамбль народнай песні “Славяначка”, выканаўцы сольнай студыі “Кантылена”. Парадавалі гледачоў сваёй харызмай і артыстычным выкананнем песень і танцаў хлопчыкі і дзяўчынкі з калектываў “Ві-За-Ві” і “Дубль N”.

Павіншаваць чыгуначнікаў Оршы прыехала “зорка” беларускай эстрады Уладзімір Ухцінскі. Падчас свайго выступлення музыкант выразіў шчырую падзяку кіраўніцтву горада, аддзелу культуры за магчымасць удзельнічаць у свяце. Спявак шмат размаўляў з публікай, жартаваў, прысвячаў свае песні працаўнікам чыгункі і аршанскім жанчынам. Публіка добра прымала Уладзіміра Ухцінскага, людзі спявалі разам з выканаўцам любімыя песні, танцавалі.

Свята ўдалося. Гэтаму паспрыяла і надвор’е – яркае, па-жнівеньскаму сонечнае, і добрая арганізацыя мерапрыемстваў: быў наладжаны святочны гандаль, атракцыёны, адбылося паказальнае выступленне парашутыстаў, якое, дарэчы, перанеслі з-за моцнага ветру на больш позні час.

Па традыцыі, мерапрыемства, прысвечанае Дню чыгуначніка, было завершана дыскатэкай і святочным феерверкам.

Надзея МАЛАЧКОВА.

Добавить комментарий