“Беларуская хатка” ў школе

Школа – гэта адзіная і галоўная ўстанова, якая павінна навучыць кожнага свайго выхаванца не толькі пісьменнасці, але і абавязкова даць яму асновы эстэтычнай культуры, развіць любоў да сучаснага і мінулага Радзімы, каб потым, кім бы чалавек ні стаў, у ім жыла патрэба да духоўнага ўзбагачэння.

У гімназіі №1 горада Оршы з’явіўся куток “Беларуская хатка”. Гэты праэкт быў рэалізаваны ў мінулым годзе пад кіраўніцтвам Галіны Леанідаўны Случанкі, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. З навучэнцамі яна праводзіць вялікую даследчую работу па выкарыстанні пэўных прадметаў побыту беларусаў. У зборы новых экспанатаў задзейнічаны не толькі вучні, але кіраўніцтва і настаўнікі гімназіі. Школьнікі з задавальненнем наведваюць сваіх бабуль і дзядуль, старажылаў вёскі, якія аддаюць старыя рэчы ў музей. Куток мае вельмі цікавыя экспанаты, напрыклад, ручнікі, калаўрот, верацёны, посцілкі, посуд і шмат чаго іншага. Адразу прыцягвае ўвагу макет печкі, які выглядае вельмі рэалістычна.

Галіна Леанідаўна СлучанкА з вучнямі.

Для выхаванцаў і гасцей гімназіі заўсёды праводзяцца экскурсіі. Уладзіслаў Ларывоненка, Вераніка Віткоўская і Валерыя Пількевіч з’яўляюцца вучнямі фальклорнага гуртка пад кіраўніцтвам Галіны Леанідаўны. Яны з задавальненнем распавядаюць наведвальнікам “Беларускай хаткі” аб традыцыях і ўкладах сялянскага жыцця.

Наталля Пятроўна Кохава, дырэктар гімназіі, адзначае, што ў складзе кафедры беларускай мовы і літаратуры ўстановы адукацыі – таленавітыя і ініцыятыўныя настаўнікі. Іх вучні кожны год прымаюць удзел у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, пішуць даследчыя работы.

Акрамя “Беларускай хаткі” ў гімназіі існуе музей-кабінет, у якім знаходзяцца кароткія звесткі аб жыцці пісьменнікаў горада і раёна, матэрыялы навукова-даследчай дзейнасці вучняў 10-11 класаў МНС па літаратурным краязнаўстве. Не дзіўна, што работы юных даследчыкаў займаюць прызавыя месцы на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

У кабінеце можна знайсці даволі рэдкія і цікавыя экспанаты, напрыклад, пасведчанні, кнігі, рукапісы і артыкулы. Кіраўніком музея з’яўляецца Рыта Абрамаўна Матурава, якая сабрала найбольшую колькасць матэрыялаў экспазіцыі.

Ксенія МІХНОВІЧ,

студэнтка 2 курса МДУ ім. А. Куляшова.

Фота аўтара.

Добавить комментарий