НА КАЛГАСНЫЯ СЦЯЖЫНКІ ПРАБІРАЮЦЦА “ЗАЖЫНКІ”

На палях паспела збожжа, а гэта значыць, што надышоў самы адказны момант для хлебаробаў Аршаншчыны. Перад пачаткам масавай уборкі ўраджаю на полі дзяржаўнага прадпрыемства “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Задняпроўскі” прайшло традыцыйнае свята “Зажынкі”.

Ушанаваць працаўнікоў сяла, пажадаць ім поспехаў на жніве прыехалі шмат паважаных гасцей. Гэта – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ула­дзімір Дзедушкін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Уладзімір Плыткевіч, дырэктар цэнтра кансультавання і аграрнай рэформы Магілёўскага абласнога харчу, кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроўскі, іерэй Міхаіл Кулакевіч. Прывітальнае слова прагучала ад старшыні Аршанскага райвыканкама Мікалая Лісоўскага, які падкрэсліў, што сёлета сельскагаспадарчым арганізацыям раёна неабходна будзе правесці ўборку зерневых культур на пло­шчы больш за 37 тыс. га, у тым ліку каля 19 тыс. га – азімых і звыш 18 тыс. га – яравых зерневых. Каб атрымаць добры ўра­джай, у гаспадарках раёна быў зроблены добры задзел, – сказаў Мікалай Віктаравіч. – Сяўба і іншыя агратэхнічныя мерапрыемствы былі праве­дзены ў аптымальныя тэрміны. Таму хочацца адз­начыць гаспадаркі з высокай культурай земляробства і эфектыўным выкарыстаннем зямель. Гэта СВК “Ларынаўка” (кіраўнік Аляксандр Кухцянкоў), ААТ “Маяк Высокае” (Рыгор Фалько), ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” (Аляксандр Фірсін). Старшыня райвыканкама выказаў словы падзякі і лепшым механізатарам Аршаншчыны: Мікалаю Захаранку (СВК “Ларынаўка”), Ігару Клімянкову і Аляксею Парчэўскаму з агракамбіната “Юбілейны”, Сяргею Шаўлінскаму (ДП “СГЦ “Задняпроў­скі”), Георгію Бадзейку (“Радуньскае”), Андрэю Коўзікаву (“Роскі Сялец”). Мікалай Віктаравіч выказаў спадзяванне, што атрад перадавікоў сёлетняга жніва папоўніцца новымі прозві­шчамі, якімі будзе ганарыцца Аршанскі край. Прывітальнае слова на “Зажынках” таксама сказалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Дзедушкін, дырэктар цэнтра кансультавання і аграрнай рэформы Магілёўскага абласнога харчу, кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроўскі. Па традыцыі на свяце ўдзель­нікі народнага фальклорнага гурта “Аршаначка” Антонаўскага СДК зажыналі першы сноп, які ўручылі старшыні райвыканкама, а Аршанскі каравай Мікалаю Лісоўскаму ганарова перадаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Канстанцін Савін. Караваямі духмянага хлеба шанавалі і тых, каму належыць сабраць “залатое” багацце нашай зямлі. Благаславіў хлебаробаў на добрую працу іерэй Міхаіл Кулакевіч. Святочны настрой на “Зажынках” дапамагалі ства­раць народны фальклорны гурт “Аршаначка” (Антонаўскі сельскі Дом культуры”), саліст­ка народнага аматарскага аб’яднання “Зямны час” РВМЦ Тамара Краеўская, узорны ансамбль эстраднага танца “ВІ-ЗА-ВІ” ДКЧ і народны ансамбль музыкі і песні “Выцінан­ка” Межаўскай дзіцячай музычнай школы.

Настасся ТУРОК.

IMG_1248 IMG_1251 IMG_1245 IMG_1290 IMG_1275 IMG_1273 IMG_1267

 

Фота аўтара.

Добавить комментарий