Свята “Майстры мастацтва – працаўнікам сяла” адбылося ў Арэхаўску (+фота)

23 верасня ў Арэхаўску адбылося раённае свята “Майстры мастацтва – працаўнікам сяла” з удзелам творчых калектываў Аршанскага раённага Дома культуры, Арэхаўскай дзіцячай школы мастацтваў і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага.
Музыка ля Дома культуры ў Арэхаўску гучала з самай раніцы, прыгожыя і прыбраныя сюды ішлі вяскоўцы. Адны – паглядзець канцэртныя праграмы, другія – за пакупкамі, бо ў гэты ж дзень тут разгарнуўся восеньскі кірмаш.
На кірмашы была прадстаўлена не толькі сельскагаспадарчая прадукцыя птушкафабрыкі, “Цяплічнага”, “Юбілейнага”, але і шматлікіх фермерскіх гаспадарак. Пчаляры Юлія і Яўген Грудзініны прыехалі з Мсціслаўля Магілёўскай вобласці. Бульбай гандляваў шклоўскі фермер Дзяніс Манюнак, з Крапіўна да арэхаўчан са сваім багатым ураджаем агародніны прыехаў Павел Гайшун.


Сярод гандляроў нельга было не пазнаць і знакамітага садавода Пятра Балонікава, былога кіраўніка саўгаса “Забалацце”, узнагароджанага ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Леніна. Пётр Дзмітрыевіч, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, верны сваёй любімай справе і зараз вырошчвае саджанцы садовых культур, а яшчэ прывёз на кірмаш у Арэхаўск расаду добрых гатункаў клубніц.
Багатым выбарам тавараў парадавала ГУП “Аршанскі харчгандаль”, цвіком продажу якога сталі журавіны. Шмат пакупнікоў было і ля машыны “Аршанскага райаграсервісу” з Межава, на якой для арэхаўчан прывезлі бульбу, пшаніцу, ячмень. А вось дзеці ўсё больш круціліся ля ласункаў, якія прадставілі спецыялісты “Салодкай краіны”. У фае Дома культуры праходзіла выстава-продаж керамічных вырабаў копыскага Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў. Нечакана для сяльчан па плошчы праехаў вясельны картэж. Маладыя Аляксандр і Таццяна Купава сталі сапраўдным упрыгажэннем свята.
– Такія мерапрыемствы вельмі падабаюцца нашым жыхарам. У людзей ёсць магчымасць набыць садавіну і гародніну, яйкі, мясную прадукцыю, іншыя тавары па рыначных цэнах, а яшчэ адпачыць пасля цяжкага сельскагаспадарчага года, парадавацца творчасці мастакоў, – расказвае старшыня Арэхаўскага сельсавета Тамара Котава.
Такое ж меркаванне выка-
залі ўдзельнікі свята Валянціна Барадуля, Ганна Гайчук, Настасся Віннікава, якая прыйшла з маленькай дачкой Ксеніяй, інвалід-калясачнік Аляксандр Казлоў і іншыя жыхары гарадскога пасёлка, якія перадавалі словы ўдзячнасці арганізатарам свята – аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама і творчым калектывам.
Сапраўдным падарункам для арэхаўчан, безумоўна, стаў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага. У зале быў поўны аншлаг, пагля-дзець і паслухаць знакамітых беларускіх спевакоў і танцораў сабраўся амаль увесь пасёлак.

Людміла МАРШАЛОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий