На Віцебшчыне стартавала абласная патрыятычная акцыя “Дарогамі памяці”

Яна прысвечана юбілею Вялікай Перамогі і праводзіцца сярод аўтаклубаў вобласці.

На рубяжы Аршанскага і Дубровенскага раёнаў адбылася перадача галоўных сімвалаў акцыі: факела з агнём, кнігі “Памяць” Дубровенскага раёна і карты з указаннем населеных пунктаў Дубровеншчыны, на тэрыторыі якіх знаходяцца памятныя месцы захоўвання і мемарыялы.

На Аршаншчыне эстафету памяці пераймаў аграгарадок Крапіўна, які амаль гранічыць з Дуброўна. Да акцыі далучыліся дырэктар Крапівенскага сельскага Дома культуры Антаніна Макарэвіч, настаўнікі Крапівенскай яслей-сада-сярэдняй школы Васіль Зінковіч, Святлана Мазай і Святлана Мядзведзева.

Наступным раёнам пасля Аршанскага ў маршруце стане Талачынскі. Нашы землякі перададуць суседзям кнігу “Памяць” ужо свайго раёна і карту са сваімі мемарыяламі.

Дарога памяці пройдзе праз 18 раёнаў і завершыцца 3 ліпеня ў Віцебску, дзе аўтаклубы вобласці прымуць удзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці краіны. Арганізатарам акцыі з’яўляецца Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і аддзелы ідеалагічная работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў.

Абласная акцыя “Дарогамі памяці” дазволіць захаваць гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, увекавечыць памяць нашых абаронцаў, які змагаліся за мірнае неба, і бліжэй пазнаёміцца з месцамі баявой славы Віцебшчыны.

Анжэла ШУРДУКОВА.