“Арэхавы фэст-2022” адбыўся ў Арэхаўску

З раніцы на плошчы каля Дома культуры гучала музыка, разгарнуліся гандлёвыя рады пад назвай “Арэхавае багацце”.

Распачаў свята старшыня Арэхаўскага пассавета Уладзімір Вялітчанка. Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што “Арэхавы фэст” праводзіцца ў пасёлку восьмы год, ён стаў своеасаблівай візітнай карткай малой радзімы энергетыкаў, якія славяцца сваімі выдатнымі дасягненнямі ў працы, творчасцю і народнай кемлівасцю. Пажадаў землякам добрага настрою і адпачынку.

Пасля афіцыйнай часткі сцэну амфітэатра запаланілі танцоры, песняры, цыркачы. На іх прыйшлі паглядзець і, безумоўна, сябе паказаць мясцовыя жыхары. Асабліва парадавала гледачоў канцэртная праграма “Мой край родны – гісторыя жывая”. Цёпла сустракалі арэхаўчанеі творчыя калектывы свайго роднага і іншых дамоў культуры раёна, спевакоў з ліку працаўнікоў БелДРЭС.

На фэсце працавалі тэматычныя пляцоўкі. На адной з іх спецыялісты Аршанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях тлумачылі грамадзянам правілы пажарнай бяспекі, што немалаважна з надыходам восеньскіх і зімніх халадоў. Шмат цікавай і разнастайнай інфармацыі аб дзейнасці прадставіла моладзі раённая арганізацыя БРСМ.
Мяркуючы па водгуках адпачываючых, было весела. Сапраўднымі падаркамі для ўдзельнікаў свята сталі выступленні узорнай цыркавой студыі Арэна” ГДК “Орша” (кіраўнік Алёна Жаўненка), народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Александрына” Коханаўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Марына Вераб’ёва), народная студыі эстраднага спеву “Крэатыў” ГДК “Орша” (кіраўнік Алёна Дземух). Усе з задавальненнем і канцэрты паглядзелі, і зрабілі неабходныя пакупкі. З выдатным настроем увечары танчылі на дыскатэцы.

Людміла ЛЮДМІНА.

Фота Т. КРУТОЎЦОВАЙ.