“ЗЯЛЁНЫЯ СЯБРЫ”

У кожнага з нас ёсць месца, дзе мы любім праводзіць свой вольны час. З дзяцінства я любіла лес, дарогу, якая вяла да яго, ранняй вясной яе заўсёды размывалі гаманлівыя ручайкі. Любіла назіраць, як прабіваюцца трава, першыя кветкі. А якімі дзіўнымі гукамі напаўняецца лес з прыходам цяпла!

З маленства да сталых гадоў я пранесла сваю любоў да прыроды: раслін, жывёл – усяго, што нас акружае. Але зараз, на жаль, зусім мала часу застаецца на прагулкі ў лес ці поле. Таму я вырашыла зрабіць утульным і прыгожым сваё рабочае месца – пакой бібліятэкі. Сёння тут сапраўдны кветкавы рай!

Чытачы нашай бібліятэкі могуць не толькі пагартаць у гэтым куточку кнігу, газету, часопіс, але і даведацца шмат цікавага пра тую ці іншую кветку. Без гэтых цудоўных раслін, згадзіцеся, наша жыццё было б сумным і бясколерным. У цвіценні кветак сабраны ўсе колеры і адценні – ад яркіх, палаючых, да ціхіх лагодных. Кожная з іх – непаўторная, мае свой пах, свае формы, лініі. Кветкі добра адчуваюць наш настрой, адклікаюцца на дабрыню і ўвагу, дзякуюць за заботу сваім пышным цвіценнем.

У кветкавы рай бібліятэкі заўсёды з задавальненнем прыходзяць пасля цяжкага працоўнага дня на полі ці на ферме аднавяскоўцы, каб проста адпачыць у цішыні, пагутарыць. Дарэчы, пры бібліятэцы працуе і клуб аматараў паэзіі Янкі Купалы, у які ўваходзяць людзі рознага ўзросту і прафесій, але галоўнае, што аб’ядноўвае ўсіх нас, – любоў да роднага слова, зацікаўленасць творчасцю і жыццём Янкі Купалы і, безумоўна, кветкі.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №63 за 4 июня 2013 года).

Я. ГЕРАСІМЕНКА,

бібліятэкар Зубаўскай сельскай бібліятэкі.

 

Добавить комментарий