Зубры живут в Орше? Что посмотреть в музее резчика Шаврова

Не верыце, што ў нашым горадзе сапраўды можна палюбавацца гэтай магутнай і велічнай жывёлай? Тады наведайце музей драўлянай скульптуры разьбяра Сямёна Шаўрова. Тут вы ўбачыце не толькі зубраў, але і іншых гаспадароў беларускага лесу.

Музей драўлянай скульптуры разьбяра С. Шаўрова гасцінна расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 19 гадоў таму – 24 лютага 1992 г. Калісьці менавіта ў гэтым доме па вуліцы Красіна, 26 жыў самадзейны майстар Сямён Сцяпанавіч. Нарадзіўся С. Шаўроў у Оршы ў сям’і рабочых. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў вёсцы Шупені, што на Талачыншчыне. Сямён быў зачараваны прыгажосцю беларускай прыроды, з маленства паважаў нялёгкую працу аратых і хлебаробаў. Любоў да разьбы па дрэве хлопчык пераняў ад свайго дзядзькі Ільі. Першыя скульптуркі Сямён паспрабаваў стварыць у 14 гадоў. З невялічкіх фігурак сялянскіх працаўнікоў і пачаўся Шаўроў-разьбяр. У 1930-я гады сям’я Сямёна Сцяпанавіча пераехала ў Оршу. С. Шаўроў уладкаваўся на чыгунку зваршчыкам, пазней быў слесарам у Барані. Перад выхадам на пенсію працаваў мастаком-афарміцелем.

У чым сакрэт поспеху самадзейнага разьбяра С. Шаўрова? Вострая назіральнасць, прыродны талент, працаві­тасць зрабілі майстра папулярным не толькі на Беларусі, але і далёка за межамі нашай сінявокай краіны. Дзясяткі работ Сямёна Сцяпанавіча былі прадстаўлены на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных выставах народнай творчасці. У капілцы аршанскага самадзейнага разьбяра – дыпломы, граматы, тры медалі ВДНГ СССР. С. Шаўрову было прысвоена ганаровае званне народнага майстра БССР.

Сямён Сцяпанавіч ведаў: у кожным кавалку дрэва жыве той ці іншы вобраз. Трэба толькі ўбачыць і з любоўю дакрануцца да яго. І дрэва ўсміхнецца ці засмуткуе, заспявае ці затанцуе. У музеі па вуліцы Красіна вы самі зможаце гэта ўбачыць. Кожная драўляная скульптура не падобная на астатнія. Вырабы самадзейнага разьбяра розныя па тэматыцы. У музеі прадстаўлены работы на сялянскую тэму, фігуры жывёл, казачныя і міфалагічныя персанажы (на здымку) і іншыя. Аб’ядноўваюць усе творы гратэск і гумар. Скульптуры Сямёна Сцяпанавіча знаходзяцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, каля трохсот работ захоўваецца ва ўстанове культуры “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны”.

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий