Дзве жыхаркі Оршы атрымалі памятныя знакі да 75-годдзя вызвалення Ленінграда ад блакады

Жыхарам Оршы, ветэранам-блакаднікам, уручылі памятныя знакі «В честь 75-летия полного освобождения Ленинграда от фашистской блокады».Іх атрымалі дзве жыхаркі нашага горада – Зінаіда Канстанцінаўна Кантаністава і Ліяна Канстанцінаўна Лінкевіч.

Ліяна Канстанцінаўна Лінкевіч

Юбілейныя ўзнагароды ад імя кіраўніцтва Санкт-Пецярбурга блакадніцам уручылі прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна. Са словамі падзякі і найлепшымі пажаданнямі да аршанак звярнулася дырэктар цэнтра Кацярына Муранкова. Разам з памятнымі знакамі яна ўручыла кветкі, а таксама падарункі, зробленыя ў аддзяленні дзённага прабывання для інвалідаў.

У гады блакады Зінаіда Канстанцінаўна і Ліяна Канстанцінаўна былі зусім яшчэ дзецьмі. Ім, як і дарослым, прыйшлося перажыць холад і голад, перанесці ўсе выпрабаванні, пабачыць смерць.

Ліяна Канстанцінаўна пра той час стараецца не прыгадваць, хоць і забыць перажытае немагчыма. Дзіцячая памяць, а было ёй тады 10 гадоў, усё дакладна захавала, таму без слёз гаварыць пра блакаду не атрымліваецца. І зараз перад вачамі ў ветэрана асобныя эпізоды. Напрыклад, як яе разам з роднымі эвакуіравалі па Ладазе. Ліяна Канстанцінаўна памятае тую грузавую машыну, на якой іх везлі па возеры, і артылерыйскія абстрэлы. Бачыла таксама, як ішлі пад ваду грузавікі, у тым ліку той, што быў перад імі.

Усё перажытае ў Ленінградзе да гэтага часу болем адгукаецца ў сэрцы ветэрана працы Зінаіды Канстанцінаўны. Ёй давялося правесці ў родным горадзе ўсе дні акупацыі. У гэтым годзе партрэт аршанкі занесены на раённую Дошку гонару.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Зінаідзе Кантаніставай было 6 гадоў. Жыла яна разам з бацькамі, бабуляй і дзядулем на кватэры. Дарэчы, іх дом выстаяў: знаходзіўся ён каля самай царквы, і можа таму нямецкая авіяцыя там не бамбіла.

У гасцях у Зінаіды Канстанцінаўны Кантаніставай

Смак хлеба напалову з апілак, які выдавалі па 125 г кожнаму жыхару Ленінграда падчас акупацыі, памятае і сёння. Каб не памерці з голаду, напачатку хатнія рэчы і прыналежнасці маці абменьвала на прадукты. Ратавала сям’ю і тое, што побач была рака Нява. Недалёка ад дома знаходзіліся могілкі. Тут зразалі траву і потым з яе рабілі аладкі. Варылі таксама і студзень з клею: дзед быў сталяром. На жаль, бабуля і дзядуля Зінаіды Канстанцінаўны да Перамогі не дажылі, бо сваёй і без таго бедным пайком заўсёды дзяліліся з унучкай.

Даведка «АГ»

Блакада Ленінграда доўжылася амаль 900 дзён. За гэты час ад голаду і абстрэлаў загінулі звыш за 640 тысяч жыхароў, па іншых звестках – каля мільёна. Больш за 350 тысяч салдат, афіцэраў і генералаў Ленінградскага фронта былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 226-і з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Медаль «За абарону Ленінграда» атрымалі каля 1,5 мільёна чалавек. У 1965 годзе Ленінграду было прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.