Як у Оршы прайшоў Дзень беларускага пісьменства 25 гадоў таму?

Вось ужо на працягу трыццаці гадоў пачатак верасня ў нашай краіне праходзіць пад знакам беларускага пісьменства.

Сваю гісторыю свята пачынае з 1994 года, калі з’явілася пастанова аб заснаванні Дня беларускага пісьменства і друку. Пачатак святкаванню паклаў старажытны Полацк. Пачынаючы з таго часу, штогод свята ладзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца цэнтрам асветы, культуры і кнігадрукавання, месцам з багатай гістарычнай спадчынай і якія звязаны з жыццём і дзейнасцю славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.

Пасля Полацка, Турава, Навагрудка і Нясвіжа ў 1998 годзе эстафету свята прыняў наш горад. Які ж адбітак Дзень беларускага пісьменства пакінуў у гісторыі Оршы 25 гадоў таму?

Цікава тое, што першапачаткова мерапрыемствы ладзіліся ў пачатку жніўня. Гэта звязана з тым, што 6 жніўня 1517 года была выдадзена першая друкаваная беларуская кніга. Але ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень беларускага пісьменства (тады з назвы свята адкінулі слова «друку») пачаў адзначацца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня і набыў афіцыйны статус.

Напярэдадні святкавання, 5 верасня, у Куцеінскім манастыры адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай вялікаму беларускаму асветніку, пачынальніку свецкага і царкоўнага кнігадрукавання ва Усходняй Беларусі Спірыдону Собалю. У 1630-1632 гадах ён працаваў у Куцейні і надрукаваў тут свой знакаміты «Буквар», «Часаслоў» і іншыя выданні. Увесь дзень у горадзе працавалі тэматычныя выставы і пляцоўкі. Увечары ў Оршы сустракалі навукова-асветніцкую экспедыцыю «Шлях да святыняў», якая прынесла Непагасную Лампаду – агонь духоўнасці, еднасці, адзінства і любові ўсіх славянскіх народаў.

Заключным этапам святкаваня Дня беларускага пісьменства 6 верасня 1998 г. стала Замчышча, якое было расквечана штандарамі і старадаўнімі гербамі гарадоў, дзе свята ўжо адзначалася.

Затым святочнае шэсце пад гукі барабанаў і літаўраў рушыла па вуліцы Леніна. Каля музея гісторыі і культуры г. Оршы адбылося адкрыццё копіі Рагвалодава каменя – помніка беларускага пісьменства.

На цэнтральнай плошчы праходзіў канцэрт, удзел у якім прынялі мастацкія калектывы з Полацка, Турава, Нясвіжа і Оршы.

На будынку сучаснага Аршанскага музея У. С. Караткевіча была адкрыта мемарыяльная дошка. Адам Мальдзіс, сябра і даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча, падараваў музею малюнкі і вершы пісьменніка, якія захоўваліся ў сямейным альбоме Мальдзісаў.

На працягу дня пiсьменнiкi чыталi свае вершы, шчодра раздавалі аўтографы, дзяліліся творчымі задумамі; журналісты зрабілі выставу газет, праводзілі розныя конкурсы; артысты з усёй краіны цешылі прысутных добрымі спеўнымі і музычнымі нумарамі, а гандляры прапаноўвалі пакупнікам тавары, сярод якіх пераважалі вырабы народных майстроў.

Сёлета сталіцай беларускага пісьменства стаў Гарадок, дзе 2-3 верасня збяруцца паэты, пісьменнікі, журналісты, кнігавыдаўцы і аматары чытання з розных куткоў нашай краіны. На пляцоўцы рэгіянальных СМІ «Стужка часу Віцебшчыны» «Аршанская газета» сумесна з Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай прад­ставіць экспазіцыю, прысвечаную 400-годдзю Куцеінскага манастыра.

А. СМАЛЯКОВА,
старшы навуковы супрацоўнік Аршанскага
музея У. С. Караткевіча.

Здымки со старонак  «Аршанскай газеты»  № 107 ад 10.09.1998 г., № 106 ад 8.09.1998 г.