У Аршанскім музеі У. С. Караткевіча адбыліся літаратурныя чытанні памяці пісьменніка

«Орша – мой любы горад, мая спрадвечная маці…» – такія цудоўныя радкі прысвяціў свойму роднаму гораду вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. І гэтая любоў узаемная, бо Орша не толькі памятае, але і ганарыцца сваім таленавітым земляком.

26 лістапада споўніцца 93 гады з дня нараджэння знакамітага аршанца. Напярэдадні гэтай даты каля помніка пісьменніку і ў гасцінных сценах Аршанскага музея У. С. Караткевіча адбыліся традыцыйныя літаратурныя чытанні «Быў. Ёсць. Буду».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі Дзіцячай бібліятэкі імя У. С. Караткевіча, супрацоўнікі Цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, а таксама жыхары і госці нашага горада.

У сценах музея гучалі вядомыя вершы Уладзіміра Сямёнавiча ў выкананні навучэнцаў сярэдняй школы № 3 г. Оршы імя У. С. Караткевіча – Ягора Платонава і Яўгеніі Удовенка.

Свае творы пранікнёна чыталі ўдзельнікі народнага літаратурнага аб’яднання «Дняпроўскія галасы» Пётр Аўраменка, Вольга Крываносава, Аляксандр Лапцеў, Тамара Краеўская, Людміла Ігнатава, а таксама сябры музея, удзельнікі клуба паэзіі «Вдохновение» з Палаца культуры г. Барані – Аляксандра Францава і Рыта Вайстрова.

Падарункам для ўсіх прысутных стала сустрэча з беларускай мастачкай, сябрам Саюза мастакоў Беларусі Верай Юрковай. Вера Іванаўна падарыла музею сваю карціну, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу, а таксама ілюстрацыі і эскізы да яго твораў «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Карней – мышыная смерць».

Уладзімір Караткевіч – сапраўдны гонар і сумленне беларускай літаратуры. Яго творы вучаць любіць Радзіму, берагчы чалавечае ў чалавеку, паглыбляюць веды пра зямлю, на якой мы жывём, выклікаюць радасць мастацкага адкрыцця, абуджаюць, хвалююць, трывожаць фантазію і розум. Творчасць Караткевіча – гэта мастацкі летапіс жыцця беларускага народа, напісаны шчыра і таленавіта.

І мы, нашчадкі Караткевіча, з гонарам захоўваем творчую спадчыну любімага аршанца.

К. МАЛЧАНАВА, загадчык музея.
Фота С. СЛЯПЦОВА.