Дзе знайсці правільны адказ?

Як бацькам адказаць на ўсе пытанні свайго дзіцяці? Малыя цікавяцца абсалютна ўсім. Дзяўчынкі і хлопчыкі мараць даведацца, як цячэ вада з-пад крана, чаму ідзе дождж, чаму шуміць машына. Часам дарослыя губляюцца, калі іх сын ці дачка задаюць пытанні, адказаць на якія складана. І тут на дапамогу бацькам прыходзяць кнігі – невычэрпная скарбонка мудрасці і ведаў.

Алесь БАДАК. Птушкі: заалагічныя эцюды.
Адказаць на самыя няпростыя пытанні дзяцей дарослым дапаможа кніга вядомага паэта і празаіка Алеся Бадака. У 2010 годзе пабачыла свет трэцяя кніга з серыі “Усім пра ўсё” “Птушкі: заалагічныя эцюды”. Выданне разлічана на дзяцей рознага ўзросту. Але цікава яно будзе ўсім, нават і дарослым, якія ў маленстве не пачулі адказы на самыя цікавыя і незвычайныя пытанні. Кніга пабудавана ў форме закончаных эцюдаў. Гэта дазваляе чытачу адкрыць кнігу на любой старонцы, знайсці твор з цікавай для яго назвай і ў даходлівай форме спасцігнуць інфармацыю пра той від птушак, які яго цікавіць. Гэта вельмі зручна, калі чытач — юны, непаседлівы і цікаўны і яму хочацца хутчэй прагартаць усю кнігу цалкам, знайсці нешта новае і цікавае для сябе, а не чытаць старонку за старонкай.
Якімі былі старажытныя птушкі? Навошта птушкам пер’е? Ці праўда, што ў свеце ёсць птушкі, якія крадуць свіней? Пра чыіх птушанят Арыстоцель гаварыў, што іх кармільцы ненавідзяць уласных дзяцей? Дзе сустракаюцца куры, якія жывуць на дрэвах? Ці праўда, што галубы разбіраюцца… у мастацтве? Ці можна зразумець птушыную мову? Адказы на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні юны чытач можа знайсці ў кнізе.

Усевалад БАРДОН. Мінералы. Горныя пароды. Метэарыты.
Гэта цікавая кніга працягвае серыю «Зямля мая», якая выходзіць у выдавецтве “Мастацкая літаратура” з 2004 года. Камяні каштоўныя, паўкаштоўныя, “звычайныя”, метэарыты… На самой справе, як адзначана ў прадмове, “у кожным камені напісана яго гісторыя, трэба толькі здолець яе прачытаць”. Кніга ў першую чаргу адрасуецца юнаму чытачу, але пазнаёміцца з выданнем бу­дзе карысна і дарослым. Аўтар кнігі – кандыдат геолага-мінералагічных навук, дырэктар музея мінералаў Беларускага навукова-даследчага геолага-разведвальнага інстытута. Ён папулярна, захапляльна, а месцамі нават паэтычна распавёў пра мінералы, што сустракаюцца паўсюдна. Дапытлівыя чытачы знойдуць адказы на пытанні: які камень лічыцца ядомым, ці можна знайсці ў Беларусі скамянелыя слёзы, як выглядае чароўны мінерал, адкуль на зямлі з’явіліся сляды д’ябла. Асобны раздзел прысвечаны касмічным гасцям Беларусі – метэарытам.

Красная книга Беларуси для детей. Млекопитающие.
Кніга прысвечана асобным групам жывёлаў, якія ўключаны ў трэцяе выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Па кожным відзе звяркоў прыведзена кароткая біялагічная даведка і меры, з дапамогай якіх можна выратаваць гэты від ад знікнення і падтрымліваць яго ў стабільным стане. Даведнік прызначаны для дзяцей школьнага ўзросту, але, безумоўна, ён будзе цікавы і дарослым аматарам прыроды.
Выказваем падзяку за супрацоўніцтва дзіцячай бібліятэцы імя У. С. Караткевіча.

Падрыхтавала
Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий