Я з дрэвам гутарку вяду…

Так вызначае сваё творчае крэда Ігар Балаханаў – таленавіты майстра і выдатны вучань знакамітага рэзчыка Сямёна Шаўрова. Такую назву мае і сама выстава Ігара Аляксеевіча, якая зараз праходзіць у нашым горадзе.

На ўрачыстым адкрыцці мастацкай выставы прысутнічаў сам Ігар Балаханаў са сваёй сям’ёй. У той дзень прагучала шмат цёплых слоў у адрас таленавітага майстра ад прыхільнікаў яго творчасці, сваімі ўспамінамі пра першыя крокі сына ў загадкавы свет скульптуры падзяліліся бацькі Аляксей Давыдавіч і Валянціна Васільеўна.

Сёння Ігар Балаханаў жыве і працуе ў Мінску, але нарадзіўся ў Оршы ў сям’і настаўнікаў. У 1992 годзе скончыў мастацкае аддзяленне школы мастацтваў, пасля чаго быў прыняты ў гурток разьбы па дрэве Сямёна Шаўрова, які змяшчаўся ў яго ўласным музеі. Ігар быў самым любімым вучнем Сямёна Сцяпанавіча. Рэзчык адразу заўважыў незвычайныя здольнасці юнака. Калісьці ля дома-музея С. Шаўрова нават была наладжана персанальная выстава работ 16-гадовага Ігара.

У 2001 г. Ігар Аляксеевіч скончыў Беларускую політэхнічную акадэмію і атрымаў дыплом па спецыяльнасці “Архітэктар”. Адначасова з вучобай Ігар працаваў над серыяй інтэр’ернай графікі “Майя”.

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ён займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, дызайнам інтэр’ераў і ландшафту, афармленнем рэстаранаў. Удзельнічаў у разнастайных выставах. Яго работы знаходзяцца ў фондах музейных комплексаў Беларусі, Расіі, а таксама ў прыватных калекцыях Германіі, ЗША, Расіі.

Тэматыка работ Ігара Балаханава самая разнастайная: ён стварае шмат гумарыстычных фігур, працуе ў бытавым жанры. Многія персанажы казак і славянскіх міфаў нашлі сваё ўвасабленне ў яго скульптурах: “Дамавы”, “Кумяльган”, “Кадук“, “Баба Яга і чэрці” і інш. Сёння многія з іх можна пабачыць на новай выставе ў музеі С. С. Шаўрова, дзе ўсяго прадстаўлена каля 40 работ майстра.

Зімой 2011 года Ігар Балаханаў выстаўляў свае скульптуры ў гістарычным будынку калегіума іезуітаў разам з карцінамі сястры-мастачкі. Некаторыя яе работы прысутні­чаюць і на выставе «Я з дрэвам гутарку вяду». Як і брат, Наталля Балаханава атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Архітэктар”.

Пашырыць свой кругагляд і ацаніць талент нашага земляка Ігара Балаханава вы зможаце, калі наведаеце яго цікавую выставу «Я з дрэвам гутарку вяду», якая будзе дзейнічаць у майстэрні музея драўлянай скульптуры рэзчыка С. С. Шаўрова па 6 мая 2012 г.

Надзея МАЛАЧКОВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий