“Звіні, спявай, Купалаўская ліра!”

У пятніцу, 22 чэрвеня, у літаратурным музеі Я. Купалы, які размешчаны ў маляўнічым куточку Аршаншчыны – Ляўках, адбудзецца традыцыйнае абласное свята паэзіі “Звіні, спявай, Купалаўская ліра!”. На дачу песняра прыедуць прыхільнікі творчасці беларускага класіка, паэты і пісьменнікі: П. Саковіч, Т. Краснова-Гусачэнка, Б. Беляжэнка, А. Крыклівец, В. Русілка, К. Нілаў, Г. і С. Трафімавы, А. Прохараў, Н. Стаховіч і іншыя.

У 11.00 гаспадар з гаспадыняй караваем будуць сустракаць гасцей і ўдзельнікаў свята, а потым правядуць іх па забаўляльнай алеі. Прысутныя змогуць атрымаць асалоду ад песень у выкананні зводнага хору ветэранаў народнага аматарскага аб’яднання “Зямны час” і Арэхаўскага народнага хору. З 11.00 да 12.00 будуць працаваць творчыя пляцоўкі “Аршанскія музыкі”. У гэты жа час удзельнікі свята змогуць прадэманстраваць дэкламатарскія здольнасці ў конкурсе чытальнікаў твораў Янкі Купалы.

Творчыя выставы і візітоўкі народных аматарскіх аб’яднанняў, кніжную выставу “Звіні, спявай, Купалаўская ліра” можна будзе ўбачыць у бібліятэчным гарадку. Весела будзе і на гульнёвай пляцоўцы, дзе ўсіх чакае і забаўляльная латарэя.

Майстры дамоў рамёстваў Аршанскага раёна, горада Оршы, Шклоўскага, Талачынскага, Гарадокскага і Лепельскага раёнаў, Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў г. п. Копысь прадэманструюць свае непаўторныя работы на выставе-продажу. На экскурсію па музеі гасцей свята запросіць навуковы супрацоўнік Л. Упенік.

У 12.10 адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Я. Купалу “Вянок Купалу”. У 12.30 пачнецца свята паэзіі, падчас якога выступяць майстры слова. Таксама гасцей парадуюць калектывы Аршанскага, Браслаўскага, Докшыцкага раёнаў, узорны ансамбль танца “Ві-За-Ві”.

Перад удзельнікамі свята выступяць і самадзейныя калектывы Аршанскага раёна. Так, госці змогуць убачыць канцэртныя нумары ад фальклорнага гурта “Аршаначка” Антонаўскага СДК, народнага ансамбля песні “Родныя напевы” Межаўскага СДК, зводнага квінцета баяністаў Забалацкай ДШМ і Бабініцкай ДМШ, гурта “Гагарынскія музыкі” Вусценскага СДК, народнага ансамбля народнай песні “Дубраўка” Зубрэвіцкага СДК, ансамбля песні і музыкі “Выцінанка” Межаўскай ДМШ, Арэхаўскага народнага хору.

Падрыхтавала Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий