26 лістапада спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, вядомага беларускага празаіка, паэта, публіцыста, драматурга, перакладчыка, сцэнарыста.

Нарадзіўся У. Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў Оршы ў сям’і фінансавага служачага Сямёна Цімафеевіча і настаўніцы Надзеі Васільеўны.
У нашым горадзе некалькі ўстаноў адукацыі звязаны з імем пісьменніка. Сёння гэта сярэдняя школа № 3 г. Оршы імя У. С. Караткевіча, гімназія № 2, сярэдняя школа № 5 імя С. С. Пустэльнікава, дзе ў свой час вучыўся Уладзімір Сямёнавіч. У сярэдняй школе № 8 з 1956 па 1958 год ён працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры.
Пераломным для У. Караткевіча стаў 1955 год. Тады ў часопісе “Полымя” быў надрукаваны верш “Машэка”. З таго моманту яго творы ўсё часцей сталі з’яўляцца ў перыядычным друку. А ўжо ў 1957 годзе Уладзіміра Сямёнавіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Потым біяграфія пісьменніка папоўнілася вучобай у Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах (1958-1960 г.) і Вышэйшых сцэнарных курсах (1960-1962 г.).
З пачатку 1960-х Караткевіч пераязджае на сталае жыццё ў Мінск, дзе актыўна займаецца творчай і грамадскай дзейнасцю.
Са сваёй будучай жонкай Валянцінай Нікіцінай ён пазнаёміўся ў лістападзе 1967 года. У шлюбе яны пражылі 12 гадоў. Дзяцей у іх не было.
Не стала Уладзіміра Сямёнавіча 25 ліпеня 1984 года.
Сёння пры музеі сярэдняй школы № 3 г. Оршы імя У. С. Караткевіча адкрыта зала памяці пісьменніка. Аршанская дзіцячая бібліятэка носіць імя пісьменніка.
З лютага 2002 года дзейнічае Аршанскі музей У. С. Караткевіча – філіял установы культуры “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны”. Вялікую цікавасць выклікае будынак музея – помнік грамадзянскай архітэктуры канца XIX – пачатку XX ст. З 1925 года тут знаходзіўся гарадскі радзільны дом, дзе і з’явіўся на свет будучы класік.

На сённяшні дзень у пастаяннай экспазіцыі пад агульнай назвай “Партрэт пісьменніка і чалавека” налічваецца каля 700 экспанатаў. Сярод прадстаўленых прадметаў – уласныя рэчы пісьменніка, прадметы гардэробу, малюнкі, асабістыя дакументы, рукапісы, кнігі, фотаздымкі. Дадзены шэраг дапаўняюць жывапісныя і графічныя ілюстрацыі да твораў, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усё гэта дазваляе найбольш поўна раскрыць Караткевіча як асобу, пісьменніка, грамадзяніна, адлюстраваць некаторыя моманты гісторыі, выкарыстаныя пісьменнікам у сваіх творах.
У 1987 годзе вуліцы Касманаўтаў (раней Варашылава) прысвоена імя пісьменніка і тут жа ўсталяваны гарэльеф і памятная шыльда, аўтарам якіх з’яўляецца талачынскі скульптар Юрый Палякоў. Адбылося гэта не выпадкова – менавіта на гэтай вуліцы знаходзіцца пасляваенная хата Караткевічаў. У 2020 годзе з нагоды 90-годдзя рыцара беларускай літаратуры на гэтай вуліцы з’явіўся мурал, аўтарам якога выступіў аршанскі мастак Дзмітрый Талкачоў. У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Віцебску, Гродне, Рагачове, Астраўцы і Століне.
27 чэрвеня 1992 года ў Прыдняпроўскім парку адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Уладзіміру Караткевічу, аўтарам якога з’яўляецца віцебскі скульптар Ігар Голубеў.
Помнікі пісьменніку ўстаноўлены ў Віцебску і Кіеве. У Мінску можна пабачыць скульптуру “Прысвячэнне паэту”.
Галоўнай спадчынай Уладзіміра Караткевіча, безумоўна, з’яўляецца яго літаратурная творчасць, якая з цягам часу не губляе сваёй актуальнасці.
У першую чаргу яго ведаюць як майстра гістарычнай прозы. Вядомымі з’яўляюцца раманы “Леаніды не вернуцца да зямлі” (1962 г.), “Каласы пад сярпом тваім” (1964 г.), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1966 г.) і “Чорны замак Альшанскі” (1979 г.). Нельга не ўзгадаць такія празаічныя творы, як аповесці “У снягах драмае вясна” (1957 г.), “Дзікае паляванне караля Стаха” (1958 г.), “Сівая легенда” (1960 г.), навелу “Ладдзя роспачы” (1964 г.), легенду “Маці ветру” (1956 г.).
Паэтычная спадчына пісьменніка прадстаўлена аўтарскімі зборнікамі вершаў “Матчына душа” (1958 г.), “Вячэрнія ветразі” (1960 г.), “Мая Іліяда” (1969 г.) і “Быў. Ёсць. Буду.” (1986 г.).
Працаваў наш знакаміты зямляк у галіне драматургіі. Ён напісаў п’есы “Млын на Сініх Вірах” (1957 г.), “Трошкі далей ад месяца” (1960 г.), “Кастусь Каліноўскі” (1963 г.).“Званы Віцебска” (1974 г.), “Калыска чатырох чараўніц” (1982 г.) і “Маці ўрагану” (1982 г.).
Уладзімір Караткевіч праявіў свой талент і ў кінематографе. Па яго сцэнарыях зняты як дакументальныя фільмы “Сведкі вечнасці” (1964 г.), “Памяць каменя” (1966 г.), “Будзь шчаслівай, рака” (1967 г.), так і мастацкія – “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (“Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка”) (1967 г.), “Дзікае паляванне караля Стаха” (1979 г.) і “Чорны замак Альшанскі” (1984 г.). Дарэчы, у снежні 2024 года адбылася прэм’ера фільма “Чорны замак”.
Вядомы Караткевіч як публіцыст. Яго пяру належаць нарыс “Зямля пад белымі крыламі” (1977 г.), эсэ “Мсціслаў” (1982 г.) і “Званы ў прадоннях азёр” (1969) .
У 2012 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пачаў выходзіць “Збор твораў Уладзіміра Караткевіча” ў 25 тамах. У яго, акрамя вядомых, уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю і выступленні. На сённяшні дзень выйшла 22 тамы.
Творы Уладзіміра Караткевіча карыстаюцца вялікай папулярнасцю, і цікавасць да іх расцё з кожным днём.
На працягу лістапада ў музеі дзейнічае выстава “Фонды музея Аршанскага”, дзе прадстаўлены цікавыя рэчы, звязаныя з жыццём і творчасцю Уладзіміра Сямёнавіча.
26 лістапада 2025 года ў 11.00 каля помніка пісьменніку ў дзіцячым парку “Казачная краіна” адбудзецца памятны мітынг. У 12.00 у музеі класіка пачнуцца літаратурныя чытанні “Быў. Ёсць. Буду.”. Запрашаем усіх жадаючых далучыцца да святкавання 95-годдзя Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.
Н. СМАЛЯКОВА,
старшы навуковы супрацоўнік
Аршанскага музея У. С. Караткевіча.
