ГАЛОЎНЫ ЭКЗАМЕН ХЛЕБАРОБАЎ

У гаспадарках Аршанскага раёна ў гэтыя спякотныя ліпеньскія дні пачалася масавая ўборка збожжа. Аднымі з першых вывелі на хлебныя палі свае магутныя камбайны механізатары ГП “СГЦ “Задняпроўскі”.

Шаснаццаць экіпажаў на энерганасычаных камбайнах ужо з самага пачатку ўборкі задалі высокі тэмп у рабоце. За першыя пяць дзён яны намалацілі больш за 2000 т зерня. Дырэктар Віталь Дзмітрачэнка, які ўсёй душой хварэе за сваіх камбайнераў і ўраджай, называе мне паказчыкі работы маладзёжных экіпажаў:

– Камбайнер Сяргей Шаўлінскі з памочнікам Уладзімірам Бахеравым за першыя чатыры дні намалацілі 188,860 тоны зерня, а Павел Магер з Валерыем Магерам – 188,090 тоны. Добры прыклад для мола­дзі паказваюць старэйшыя камбайнеры, за плячыма якіх гэта ўжо не першая ўборка збожжавых, Ула­дзімір Гарбачэўскі і Аляксей Краўчанка са сваімі памочнікамі Віталем Пілюковым і Уладзімірам Голеневым. Ударна працуюць браты Віталь і Ігар Шаўлінскія, а таксама іншыя механізатары.

На хлебнай ніве сярод камбайнераў адчуваецца здаровы дух спаборніцтва. Глядзіш на іх твары і, паверце, не бачыш стомы. Усе намаганні хлебаробаў – убраць у сціслыя тэрміны 4134 гектары збожжавага кліну. А спяшацца, сапраўды, ох, як трэба. Сёння стаіць спякота, а заўтра могуць зарадзіць дажджы, таму для хлебаробаў дарагі кожны час. Яны заво­дзяць рухавікі сваіх камбайнаў, як толькі з каласоў сыходзіць ранішняя раса, і амаль не выключаюць іх да позняга вечара. Тут жа побач на полі знаходзяцца рамонтнікі, стаіць на вахце і пажарная машына. Бяспецы працы ў гаспадарцы надаюць належную ўвагу. Таксама трэба своечасова два разы на дзень прывезці абеды ў поле, а яшчэ забяспе­чыць усіх механізатараў спец­адзеннем і г. д.

Горача ў ліпені збожжу, яно так і просіцца ў засекі. У ГП “СГЦ “Задняпроўскі” зрабілі ўсё магчымае для якаснага правядзення жніва. Застаецца разлічваць толькі на свае сілы, высокую арганізава­насць працы і стымулюючую ролю працоўнага спаборніцтва. А канчатковыя вынікі будуць падводзіцца ўвосень на рэспубліканскіх “Дажынках”, якія сёлета праводзяцца ў Горках.

Людміла МаршаловІч.

На здымках: мала­дзёжны экіпаж ГП “СГЦ “Задняпроўскі” – (злева) камбайнер Павел Магер і памочнік камбайнера Валерый Магер; механізатары сёлетняга жніва і сярод іх (у цэнтры) галоўны інжынер гаспадаркі Іван Моршч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий