У ПОШУКАХ СТРАЧАНЫХ ГІСТАРЫЧНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ (Да 80-годдзя са дня нараджэння Адама Мальдзіса)

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, доктар філалагічных навук, прафесар, Адам Восіпавіч Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў вёсцы Расолы Астравецкага раёна. Пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ. Пасля заканчэння навучальнай установы працаваў адказным сакратаром у Радашковіцкай раённай газеце “Сцяг Ільіча”. З 1991 года ўзначальвае Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны. З 1987 года – старшыня камісіі “Вяртанне” Беларускага фонда культуры. Права­дзейны член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Быў дэлегатам 45 сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Прафесійную літаратурную дзейнасць пачаў у 1954 го­дзе. Адам Восіпавіч – адзін з аўтараў даследавання “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры”. Аўтар кніг “Творчае пабрацімства”, “Падарожжа ў XIX стагоддзе”, “Таямніцы старажытных сховішчаў”, “На скрыжаванні славянскіх традыцый”, “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя”, “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” і іншых.

Даследчык шмат вандруе па знакамітых месцах Беларусі. Шукае страчаныя гістарычныя каштоўнасці.

Адкрыццё музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, знаёмства там са сваякамі, жаданне адчуць ягоны дух у рабочым кабінеце, прагнае ўслухоўванне ва ўспаміны сяброў, нецярплівае чытанне кожнай новай, раней не друкаванай, рэчы пісьменніка нара­дзілі думкі расказаць чытачу аб жыцці і творчасці Караткевіча. Шматлікая настойлівая праца прывяла да стварэння кнігі “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”. Ужо на першых старонках выдання чытач даведаецца аб незнаёмых і цікавых фактах яго творчай і жыццёвай біяграфіі. Ён перасцерагае чытача, што выданная кніга суб’ектыўная. “Я далёкі ад таго, каб прэтэндаваць на нейкія ісціны ў апошняй інстанцыі, бо абапіраючыся пераважна на тое, што асабіста бачыў і чуў, што было занатавана, прызнаюся ў гэтым, адразу ж, вечарамі ці на наступны дзень, а то і непасрэдна ў час выступленняў Караткевіча ў самых розных аўдыторыях. Праўда, мушу пакаяцца: на пачатку нашага знаёмства ў гады шасцідзесятыя, яшчэ не ўсведамляючы ўсёй значнасці таго, што адбываецца на маіх вачах, усёй адказнасці перад гісторыяй, такія занатоўкі я рабіў рэдка і бегла”.

У свой час літаратуразнаўца адшукаў шмат беларускіх музычных твораў. Найперш – “Аршанскі зборнік”, які захоўваецца ў Кракаве ў бібліятэцы Чартарыжскіх, што мелі самыя багатыя маёнткі пад Оршай. Зборнік даказаў, што поўнага заняпаду беларускай літаратуры ні ў XVII, ні ў XVIII стагоддзі не было.

“Аршанскі зборнік” – гэта ў асноўным тое, што мы цяпер называем масавай песняй. Ствараўся ён шкалярамі, вандроўнымі камедыянтамі, якія хадзілі ад хаты да хаты, ад мястэчка да мястэчка, зарабляючы сабе на хлеб вершамі і песнямі. Творы гэтыя надзвычай цікавыя”. І самае важнае – гэтыя творы напісаны па ўсіх канонах барока: пераканаўчы аргумент для тых, хто лі­чыць, што ў беларусаў ні рэнесансу, ні класіцызму, ні барока не было.”

Творы і працы А. Мальдзіса перакладзены амаль на дзясятак замежных моў. Ён член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1967 года, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа. Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.

Як і раней, сёння Адам Мальдзіс часта бывае на ра­дзіме свайго сябра – Ула­дзіміра Караткевіча. Прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія ўвекавеч­ваюць памяць вялікага беларускага пісьменніка.

Ігар Яршоў.

Добавить комментарий