Новая выстава адкрыецца ў Аршанскай мастацкай галерэі В. А. Грамыкі

3 красавіка 2026 года ў 17.00 у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы “Жаночы маналог” Вікторыі Дзямешка.

Для мастачкі гэта выстава мае асаблівае значэнне, бо праходзіць у яе родным горадзе Оршы. Сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны аўтарка вырашыла прэзентаваць сваю творчасць мінавіта там, дзе пачаўся яе жыццёвы шлях. “Жаночы маналог” – гэта споведзь дачкі роднай зямлі, якая пранесла любоў да прыгажосці праз гады і вандроўкі.

Выстава аб’ядноўвае куточкі свету, якія ўбачыла і зазнала жанчына-мастачка. Знаёмыя вулачкі і краявіды Оршы, напісаныя з асаблівай цеплынёй, а таксама пейзажы з выявамі Мінска і іншых куткоў Беларусі – гэта даніна павагі караням і вечнай прыгажосці роднага краю. Уражанні ад падарожжаў увасабіліся ў відах еўрапейскіх гарадоў, дзе кожнае палатно перадае атмасферу новага месца, а нацюрморты з кветкамі напаўняюць залу колерам і святлом, ствараюць адчуванне жыццёвай энергіі.

Творчы почырк Вікторыі Дзямешка вызначаецца багаццем колеру. Мастачка працуе ў розных манерах: ад сакавітага каляровага рэалізму, які дазваляе адчуць матэрыяльнасць свету, да фармальна-вобразных рашэнняў. У апошніх рэальнасць ператвараецца ў мастацкую метафару, дзе галоўнае – не дэталь, а эмоцыі і сімвал.

Год жанчыны – час творчасці. Прэзентацыя выставы ў Год беларускай жанчыны падкрэслівае яе ролю як захавальніцы прыгажосці і стваральніцы. “Жаночы маналог” – гэта аповед пра тое, як жаночы погляд здольны ператварыць будзённасць у мастацтва, а памяць пра родны горад – у натхненне.

“Вярнуцца ў Оршу з выставай – гэта як вярнуцца дадому пасля доўгай дарогі, каб падзяліцца ўбачаным, – кажа Вікторыя. – Гэта мой маналог пра любоў да жыцця, якое пачалося мінавіта тут”.

Запрашаем усіх акунуцца ў свет фарбаў і вобразаў нашай таленавітай зямлячкі. Выстава працягнеца да 3 мая 2026 года ўключна.
Адрас: вул. Уладзіміра Леніна, 6а, 2-і паверх (Аршанская гарадская мастацкая галерэя В. А. Грамыкі).
Час працы: штодня з 10.00 да 19.00, акрамя панядзелка.
Кантактны тэлефон: 8(0216) 56-37-50.

Н. КАЧАНАВА,
старшы навуковы супрацоўнік Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі.