А наперадзе – уборка зерневых

На здымку (злева направа): дырэктар УСГП “Смальяны”­ А. Крысікаў, механізатары М. Шушкевіч, В. Казлоў, М. Логінаў

Перад пачаткам касавіцы на агульным сходзе калектыў УСГП “Смальяны” вырашыў: трэба ў аператыўным рэжыме правесці нарыхтоўку кармоў, бо ад гэтага залежыць і якасць, ды і часу на падрыхтоўку да ўборцы зерневых застанецца значна больш.

І сапраўды, такая аптымістычная ўстаноўка падштурхнула працаўнікоў сельскагаспадарчага прадпрыемства да аператыўных дзеянняў. Кожны дзень на нарыхтоўцы зялёнай масы працавалі тры здрабляльнікі, чатыры касілкі, восем адзінак тэхнікі на адвозцы, дзве адзінкі – на трамбоўцы. Трактар К-700 трамбаваў кармы круглыя суткі. Як вынік, у УСГП “Смальяны” нарыхтавалі 6810 тон сенажу, 819 тон сіласу, 220 тон сена, што на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы склала 15,5 цэнтнера кармавых адзінак.

Дырэктар Анатоль Уладзіміравіч Крысікаў адзначае, што толькі дзякуючы людзям, іх намаганням і адказнасці атрымалася нарыхтаваць кармы ў самыя кароткія тэрміны. На здрабняльніку сёлета добра папрацавалі Міхаіл Шушкевіч, Міхаіл Логінаў, Мікалай Дзергілёў, на адвозцы зялёнай масы – Віктар Казлоў, Аляксандр Сальчанка, Міхаіл Міронька, на варушэнні і зграбанні сена – Сяргей Жураўскі, Аляксандр Васілёнак і многія іншыя.

Зараз ёсць час крыху перадыхнуць перад самай гарачай, як у прамым, так і пераносным сэнсе, кампаніяй – уборкай зерневых. Але і ў “зацішлівыя” дзянькі сяльчанам некалі думаць пра адпачынак. Яны рыхтуюць тэхніку да жніва. Праўда, у УСГП “Смальяны” ўсе падрыхтоўчыя работы ўжо завяршаюцца.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий