“ЧАРОЎНЫ СВЕТ, НАРОДЖАНЫ ІГОЛКАЙ”

Вышытыя крыжыкам карціны баранскай майстрыхі Тамары Лютавай, якія зараз прадстаўлены ў Аршанскім музеі В. Караткевіча, нясуць асаблівую энергетыку. Ад палотнаў вее цеплынёй і пяшчотай, бо над кожным партрэтам і пейзажам наша зямлячка працуе доўгія тры-чатыры месяцы. Вышываць крыжыкам копіі карцін знакамітых мастакоў – справа надта складаная і карпатлівая. “Нараджэнне” новага шэдэўра – сапраўднае свята для Тамары Лютавай.

Залатыя рукі баранскай мастрыхі сапраўды стварылі дзівосны свет вышыванак, якія здзіўляюць багаццем колераў, гульнёй ценяў. Захапілася чароўным відам мастацтва Т. Лютава яшчэ ў маладосці. Але гэта не адзіны любімы занятак Тамары Мікалаеўны. Так, раней разам з мужам займаліся высакароднай справай – рамантавалі, перапляталі кнігі.

Некалькі гадоў таму я трапіла на фестываль “Баранскія музыкі”. У фае Палаца культуры адразу зацікавілася неверагоднай прыгажосці карцінамі, вышытымі залатымі рукамі Т. Лютавай. Работы майстрыхі можна ўбачыць на фестывалях, жыхарка Барані ўдзельнічала ў “Славянскім базары ў Віцебску”. Паглядзіш на цыганку, што закружылася ў віхуры танца, прыгажуню Кармэн ці Асоль, якая так жадае ўбачыць чырвоныя ветразі, – і не адразу зразумееш, што перад табой вышыванкі. Умелыя рукі Тамары Мікалаеўны ўпэўнена размалёўваюць канву, і на палатне ажываюць птушкі і жывёлы, усміхаюцца дзеці, павольна рассякае марскія хвалі карабель…

Аўтарка можа доўга расказваць пра кожную са сваіх работ. Вобраз самой майстрыхі можна ўбачыць адразу на некалькіх карцінах. Вось выводзіць за радком радок чорнавалосая прыгажуня-вышывальшчыца – менавіта так выглядала ў маладосці Тамара Лютава. Праца “Яблыневы сад” – гэта лірычная замалёўка з жыцця дзяўчыны, якая таксама сябруе з рукадзеллем. Дарэчы, амаль усе вобразы на палотнах нашай зямлячкі – жаночыя. Ёсць у Тамары Мікалаеўны мара – вышыць Сіксцінскую Мадону. Але пакуль майстрыха не атрымала блаславення святара на стварэнне палатна з Боскай Маці.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №39 за 6 апреля 2013 года).

Марына СЯМАШКА.

НА ЗДЫМКАХ: карціны майстрыхі, Тамара Лютава.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий