КАБ ЛЮБІЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МІЛУЮ…

Што азначае выраз «любіць Радзіму»? Кожны адкажа на гэта пытанне па-свойму, але ж любіць родны край – значыць жыць з ім адным жыццём, падзяляць радасці і непрыемнасці. Калі чалавек не шануе, не беражэ сваю дзяржаву, яго нельга назваць сапраўдным патрыётам.

Гэтая думка стала лейтматывам тэматычных вечарын “Мая Радзіма – Беларусь”, прысвечаных Году беражлівасці, якія прайшлі ў бібліятэцы імя А. Пушкіна. Вядучыя пераканалі гасцей – вучняў аршанскіх школ, што марнатраўства зараз не ў модзе. Наадварот, сёння ў гонары тыя, хто эканомяць і беражліва адносяцца да навакольнага свету.

Кожнае выступленне і нумар мастацкай самадзейнасці на мерапрыемстве заклікалі прысутных задумацца пра наш агульны дом. Супрацоўнікі бібліятэкі імя А. Пушкіна, дзіцячых школ мастацтваў №1 і 3, вучні СШ №1, 3, 9 і 17 падзяліліся сакрэтамі, як сэканоміць электраэнергію, ваду, газ і цяпло. Цікавую сцэнку разыгралі вучні СШ №17. Транжыра Мядзведзь скардзіўся эканомнаму Зайцу на холад у хаце, на тое, што раптам скончыліся дровы і вугаль. Кемлівы Заяц хутка зразумеў, адкуль усе няшчасці сябра: Мішка ўвесь час хадзіў у госці, але ж тапіў печку тры разы на дзень, а вось зачыніць дзверы ляніўся – зламаць баяўся. Разумны герой басні зрабіў выснову: трэба заўжды быць эканомным.

Давялося гасцям вечарыны паслухаць размову дзвюх бабак-эканамістак, ролі якіх артыстычна выканалі супрацоўнікі бібліятэкі імя А. Пушкіна Наталля Янкоўская і Валянціна Самонава. У гумарыстычнай форме ў гэтай сцэнцы выкрывалася марнатраўства. Суседкі гавораць, што іх родныя накупілі электрычных прыбораў, але ўвесь час забываюцца выключаць іх перад тым, як выходзяць з кватэры. Тая ж справа і з вадой, і з газам…

Калі працягнуць думку паэта Алеся Ставера, то для таго, каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба не толькі любавацца яе сціплай прыгажосцю, ганарыцца слаўнай гісторыяй, але і берагчы край, які назаўжды стаў родным.

Добавить комментарий