ЁСЦЬ ІНІЦЫЯТЫВА – БУДЗЕ І ВЫНІК

На ячменным полі ля вёскі Люціны, што належыць адкрытаму акцыянернаму таварыству “Агракамбінат “Юбілейны”, з раніцы да позняга вечара гудуць камбайны, трактары і вялікагрузныя машыны. Яно і зразумела, у самым разгары ідзе ўборка ўраджаю.

Дзесяць экіпажаў камбайнераў працуюць на жніве ячменю, два з іх – гэта маладыя хлебаробы Дзмітрый Новікаў і Мікіта Махнач, Віктар Фальковіч і Раман Рачэй. Усяго гаспадарцы неабходна ўбраць 2740 гектараў гэтай яравой культуры пры ўраджайнасці 40 ц/га, а менавіта на палетках у Люцінах – 120 гектараў.

Побач з вопытнымі механізатарамі тэмп ва ўборцы задае і моладзь. Іх запалу, ініцыятыве, жаданню працаваць можна толькі пазайздросціць. Хлопцы гатовыя правесці за штурвалам камбайна круглыя суткі, каб хутчэй убраць ураджай.

Дзіма Новікаў тры гады запар быў на жніве памочнікам камбайнера. Узгадвае тыя часы, калі самому вельмі хацелася быць галоўнай фігурай падчас уборкі ўраджаю і ўпэўнена трымаць штурвал камбайна. Нават у снах ён уяўляў, як, нібы капітан на караблі, плыве па залацістым полі, а зерне так і сыплецца ў бункер.

Запаветная мара Дзімы нарэшце ажыццявілася. Вось ужо другі сезон ён паўнапраўны камбайнер КЗС-10, а побач з ім надзейны памочнік і сябра Мікіта Махнач. Мала­дзёжны экіпаж камбайнераў старанна працуе на жніве. Праўда, пакуль аб высокіх поспехах казаць рана, але кіраўніцтва ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” з упэўненасцю сцвяр­джае: калі ёсць такая ініцыятыва – абавязкова будзе і вынік.

На ўборцы ячменю свая адказная задача і ў вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня. Анатоль Баяроўскі на МТЗ-1221 ПТС-12 (на здымку) стараецца не губляць ніводнай хвіліны. Загрузіўся – і адразу ў дарогу. Нават пагутарыць з ім не давялося. Спыніўся літаральна на палову хвіліны, каб папазіраваць для фотакамеры, а потым па­прасіў прабачэння і хуценька паехаў на зерняток.

У Люцінах на адвозцы зерня працуюць 10 вадзіцеляў, двое – гэта памочнікі з падшэфных арганізацый – спецкамбіната і будматэрыялаў. Тут, на полі, таксама арганізаваны дзяжурства пажарнай машыны, гарачае харчаванне для ўсіх працаўнікоў, занятых на жніве.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий