ТОЛЬКІ НАПЕРАД

… упэўнена ідуць хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства “Аршанскі райаграсервіс”. 25 ліпеня тут пачалі ўборку зерневых на плошчы 1340 гектараў пры ўраджайнасці 45,4 ц/га. На полі ля Барздоўкі працуюць сем камбайнаў, столькі ж і тэхнікі, занятай на адвозцы зерня. Яшчэ ўчора ў гаспадарцы перасягнулі двухтысячны рубеж намалочаных тон.

Марку свайго прадпрыемства работнікі аграсервісу трымаюць моцна. Напрыклад, сярод вопытных – камбайнер Алег Шутаў, тройчы прызёр рэспубліканскіх “Дажынак” сярод вадзіцеляў. Ён чалавек адказны, мэтанакіраваны і прынцыповы ў сваёй рабоце. Калі сказаў: “Абавязкова зраблю” – ніколі не падвядзе. Тры гады таму Алег Мікалаевіч змяніў шафёрскую баранку на штурвал камбайна. Зараз працуе на КЗС-1218. Вынікі выдатныя. На 31 ліпеня ўжо намалаціў 550 тон зерня.

Побач з такімі прафесіяналамі, як Алег Шутаў, набіраецца вопыту і моладзь. Механізатар МТЗ-1221 Алег Ачкоўскі і вадзіцель ГАЗ-53 Васіль Шастакоў толькі другі год на жніве, а ўжо сталі лідарамі ўборачнай страды. На 31 ліпеня Алег перавёз 470 тон зерня, Васіль – 462 тоны. Дарэчы, Шастакоў у мінулым годзе быў другім на рэспубліканскіх “Дажынках” сярод маладых вадзіцеляў. Праўда, пра свае поспехі юнак расказвае неахвотна. Безумоўна, атрымліваць узнагароды прыемна, але дзеля гэтага неабходна напружана працаваць. Застаецца толькі пажадаць хлебаробам райаграсервісу выдатнага надвор’я і поспехаў на хлебнай ніве.

Настасся АЛЯКСАНДРАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий