ПЕРШЫЯ ТЫСЯЧНІКІ ВІЦЕБШЧЫНЫ

Першую ў Віцебскай вобласці тысячу тон зерня, а дакладней, 1106 тон, намалацілі хлебаробы Аршаншчыны – аграрыі СВК “Ларынаўка”. Сімвалічна, што гэта значная для ўсёй Віцебшчыны падзея прыйшлася на першы дзень жніўня.

Героі хлебнай нівы – Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі, як гаворыць кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Кухцянкоў, прыроджаныя камбайнеры, Прафесіяналы з вялікай літары. Першага жніўня на “Лексіёне-580” экіпаж перасягнуў рубеж у тысячу тон зерня. Такі значны рэкорд у іх працоўнай біяграфіі не першы. Мікалай Захарэнка ўжо некалькі гадоў запар намалочвае тысячу і больш тон зерня. Самым паспяховым для яго быў 2007 год, калі камбайнер узяў планку ў 2273 тоны збожжа. А ў 2011 годзе быў у ліку пераможцаў на “Дажынках” у Лідзе.

Камбайн пад кіраўніцтвам Мікалая Уладзіміравіча нібы танчыць. Ён адчувае настрой і характар сваёй “машыны” па першых гуках, беспамылкова можа выявіць усе непаладкі і ў кароткі тэрмін іх ліквідаваць. Памочнік Мікалая Захарэнкі, ён жа і вадзіцель на адвозцы, Сяргей Каткоўскі таксама паважаны чалавек у калектыве СВК “Ларынаўка”. Як і яго калега Мікалай, прафесіянал. На 1 жніўня ён перавёз 962 тоны зерня. Адказны, надзейны, сціплы. Так коратка можна ахарактарызаваць Сяргея Мікалаевіча.

Павіншаваць лідараў жніва ў дзень тысячнага намалоту зерня на поле адразу прыехалі старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі і яго намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Канстанцінаў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Кузмянкоў.

Хлебаробы нават крышачку разгубіліся, калі ўбачылі вялікую дэлегацыю з падарункамі і кветкамі. Старшыня райвыканкама Мікалай Лісоўскі шчыра павіншаваў Мікалая і Сяргея з дасягненнем высокіх паказчыкаў на хлебнай ніве, пажадаў трымаць высокую планку і ўпэўнена ісці да двух- і нават трохтысячнага намалоту. Да слоў старшыні далучыліся і астатнія госці. У гонар рэкардсменаў хлебнай нівы ў полі быў арганізаваны міні-канцэрт.

Дарэчы, на 1 жніўня ў СВК “Ларынаўка” было сабрана 46 працэнтаў ад агульнай плошчы зерневых – 800 га пры сярэдняй ураджайнасці 65,1 ц/га. Калі надвор’е не падвядзе, уборачную кампанію ў гаспадарцы плануюць завяршыць у намечаныя тэрміны.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий