ПЕРШЫ МАЛАДЗЁЖНЫ ЭКІПАЖ ТЫСЯЧНІКАЎ

Чарговая перамога хлебаробаў Аршаншчыны на сёлетнім жніве. На гэты раз на ўборцы ўраджаю задае тэмп моладзь. Пальму першынства трымае цэлае звяно маладых ініцыятыўных хлопцаў з дзяржаўнага прадпрыемства “СГЦ “Задняпроўскі”: экіпаж камбайнераў у складзе Сяргея Шаўлінскага і Уладзіміра Бахірава, вадзіцель на адвозцы зерня Дзяніс Лабацэвіч. На раніцу 6 жніўня хлебаробы намалацілі 1012 тон зерня, вадзіцель перавёз 1266 тон зерня.

“Першы маладзёжны экіпаж камбайнераў-тысячнікаў Віцебскай вобласці –гэта, безумоўна, пачэсна, – прызнаюцца камбайнеры Сяргей Шаўлінскі і Уладзімір Бахіраў, – але трымаць высокую планку не так і лёгка, бо канкурэнцыя на жніве не менш сур’ёзная, чым, напрыклад, на прэстыжных спартыўных або творчых спаборніцтвах. Перамагчы хочацца ўсім, а поспеху дасягаюць толькі самыя вынослівыя, цярплівыя, мэтанакіраваныя”.
Гэтымі, а таксама іншымі, неабходнымі для дасягнення мэты, якасцямі, маладыя хлебаробы з “Задняроўскага” валодаюць у поўнай меры, бо на іх рахунку далёка не першае дасягненне падчас жніва. У мінулым годзе маладзёжны экіпаж Сяргея Шаўлінскага і Уладзіміра Бахірава стаў лепшым маладзёжным экіпажам у раёне. Іх шанавалі на рэспубліканскіх “Дажынках” у Горках. Лідзіруючыя пазіцыі кожны з хлопцаў трымаў і да таго часу, калі яны сталі працаваць, што называецца, у адной звязцы. Памочнік камбайнера Ула­дзімір Бахіраў салодкі смак перамогі адчуў яшчэ ў 2010 го­дзе, калі ўпершыню пабываў на “Дажынках” у Л­ідзе. А Сяргей Шаўлінскі, які на ДП “СГЦ “Задняпроўскі” працуе ўжо дзевяць гадоў, таксама заўсёды быў прыкладам для іншых у сваім калектыве. Ужо другі сезон Шаўлінскі і Бахіраў – у адным экіпажы, што ўпэўнена крочыць да новых працоўных вяршынь. Ім хочацца пабіць мінулагодні рэкорд – 1970 тон зерня. А побач з маладымі хлебаробамі і іх аднавясковец, сябра і памочнік – вадзіцель на адвозцы Дзяніс Лабацэвіч.
“Такой згуртаванай камандай працаваць значна лягчэй, – зазначае Дзяніс. – Нават яшчэ больш разгараецца азарт, з’ўяляецца дадатковы стымул. Мы адзін аднаго разумеем не тое, што з паўслова, нават аднаго погляду хапае”.
На пытанне, у чым жа сакрэт поспеху, маладыя людзі амаль што ў адзін голас адказалі: “Калі ты не лайдак, усё атрымаецца”.
У аўторак лідараў хлебнай нівы віншавалі старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Кліцуноў, дырэктар ДП “СГЦ “Задняпроўскі” Віталь Дзмітрачэнка. У адрас экіпажа камбайнераў Сяргея Шаўлінскага і Уладзіміра Бахірава і вадзіцеля Дзяніса Лабацэвіча прагучалі пажаданні ўпэўнена ісці да новых пераможных намалотаў. А каб настрой заўсёды быў бадзёры, адразу на полі для іх быў арганізаваны міні-канцэрт.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий