У «ЗУБРЭВІЧАХ» — ДВА ЭКІПАЖЫ ТЫСЯЧНІКАЎ

Мястэчка Застружжа знаходзіцца на самай мяжы са Шклоўскім раёнам Магілёўскай вобласці. Тут – палі далучанага ў мінулым годзе да ААТ “Птушкафабрыка Аршанская” філіяла “Зубрэвічы”, дзе ў гэтыя дні ідзе жніво. Хлебаробы спяшаюцца ўбраць яравую пшаніцу з плошчы 135 гектараў. За работу ўзяліся адразу восем экіпажаў камбайнераў, два з іх, Анатоль Смірноў і Юрый Стульба, а таксама Уладзімір Астапенка і Мікалай Гумінскі (на здымку) – у лідарах па намалоце.

З хлебаробамі птушкафабрыкі Анатолем Смірновым і Юрыем Стульбам давялося сустрэцца яшчэ на пачатку ўборачнай кампаніі.  Узгадваю, як камбайнеры з аптымізмам тады запэўнілі: “З ураджаем справімся, не першы ж год працуем”. Гэты запал, бадзёры настрой на работу не згас у вачах Анатоля і Юрыя і сёння. Яны, як і раней, гатовыя час ад світання да прыцемак правесці за штурвалам камбайна: толькі б паспець убраць усё збожжа. Па стане на 16 жніўня экіпаж ужо намалаціў 1230 тон збожжа.
Тысячны рубеж перасягнулі і іх калегі Уладзімір Астапенка і Мікалай Гумінскі. На ўборцы ўраджаю яны, як Анатоль і Юрый, не першы год. Напрыклад, для камбайнера Астапенкі сёлетняе жніво – 26-е па ўліку. І традыцыя для яго – штогод  трымаць планку не менш за тысячу тон. На ўчарашні дзень  экіпаж камбайнераў у складзе Уладзіміра Астапенкі і Мікалая Гумінскага намалаціў 1159 тон зерня.

Настасся ТУРОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *